Міжнароднага трыбунала па збітым над Украінай малазійскаму Боінгу не будзе

Міжнароднага трыбунала па збітым над Украінай малазійскаму Боінгу не будзе

Краіны, прадстаўнікі якіх уваходзяць у міжнародную следчую групу па справе аб збітым над Украінай Боінгам, прыпынілі намаганні па заснаванні трыбунала з-за рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН.

Пра гэта заявіў амбасадар Нідэрландаў у Маскве Рон ван Дартэл, перадае РБК. Сярод альтэрнатыў амбасадар назваў расследаванне справы ў Міжнародным крымінальным судзе. Іншым варыянтам, які разглядаюць краіны-ўдзельніцы следчай групы, з’яўляецца суд у адной з краін.

Ван Дартэл адзначыў, што Нідэрланды не збіраюцца пераносіць дату апублікавання справаздачы аб расследаванні аварыі — гэта адбудзецца 13 кастрычніка.

Напрыканцы верасня кіраўнік МЗС Аўстраліі Джулі Бішоп не выключала паўторнага ініцыявання падачы праекта рэзалюцыі аб стварэнні трыбуналу. Яна казала, што такая прапанова можа быць пададзеная, пасля таго як афіцыйнае расследаванне катастрофы самалёта завершыцца.

Бішоп таксама адзначыла, што Бельгія, Нідэрланды, Малайзія і Аўстралія разглядаюць некалькі асноўных сцэнарыяў: стварэнне трыбуналу ўсімі пяццю краінамі або крымінальныя працэсы ў кожнай з пацярпелых краін.

Пасажырскі Боінг авіякампаніі Malaysia Airlines пацярпеў крушэнне ў небе над Данецкам 17 ліпеня 2014 года. Лайнер ішоў рэйсам МН17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур. На яго борце знаходзіліся 280 чалавек, усе яны загінулі.

Расследаванне пацвердзіла, што ён быў збіты ракетнай устаноўкай БУК з тэрыторыі, якая знаходзілася пад кантролем прарасійскіх баевікоў. Мяркуецца, што сама ўстаноўка была завезеная з Расіі. У ліпені Савет Бяпекі ААН галасаваў па рэзалюцыі аб стварэнні міжнароднага трыбуналу па крушэнні Боінга, аднак Расія заблакавала гэтае рашэнне сваім вета.

Сёлета ў ліпені сваякі загінулых падалі пазоў супраць аднаго з лідараў баевікоў Ігара Стралкова. Яго абвінавачваюць у арганізацыі абстрэлу самалёта і патрабуюць кампенсацыі на суму 900 мільёнаў долараў.

Фота: REUTERS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі