МНС: Падчас моцнага ветру трэба выконваць правілы бяспекі

МНС: Падчас моцнага ветру трэба выконваць правілы бяспекі

Міністэрства надзвычайных сітуацыяў рэкамендуе выконваць правілы бяспекі падчас моцнага ветру, з-за якога ў Беларусі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі. Як перадае БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу ведамства, сёння ў многіх раёнах краіны захаваецца паўночна-ўсходні вецер парывамі да 15-20 метраў за секунду. Могуць быць пашкоджаныя лініі электраперадач, падаць дрэвы, магчымыя пашкоджанні рэкламных канструкцый.

У сувязі з гэтым выратавальнікі рэкамендуюць сачыць за сітуацыяй на вуліцы і пры ўзмацненні ветру трэба неадкладна схавацца ў пад’ездзе або ўстойлівым будынку. Не варта пры гэтым хавацца каля сцен дамоў, на прыпынках грамадскага транспарту, каля рэкламных шчытоў, пад дрэвамі, каля недабудаваных будынкаў. Таксама не варта падыходзіць да гнілых і старых дрэваў, якія могуць упасці.

У доме пры моцным ветры трэба трымацца далей ад вокнаў. Варта зачыніць вокны і форткі, адключыць электрычнасць, газ і перакрыць вадаправод.

МНС пакуль не паведамляе пра здарэнні, звязаныя з неспрыяльным надвор’ем. Аднак у сацыяльных сетках з’яўляецца інфармацыя пра адзінкавыя выпадкі паваленых дрэваў і пашкоджаных імі машын.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі