“Могуць і паслаць”: у райцэнтрах настаўнікаў прымушаюць патруляваць вуліцы
Настаўнікі з райцэнтраў у Мінскай вобласці вечарамі патрулююць вуліцы. Напрыклад, у Крупках “настаўніцкі дазор” — кожную пятніцу і суботу з 21:00 да 23:00. А калі не выйсці на “маршрут”, дык могуць і прэміі пазбавіць, і ўвогуле звольніць з працы.
“Што тут такога?”
“Звычайна ходзім удваіх, — расказвае Еўрарадыё настаўніца з Крупак. — Мы павінны сачыць за падлеткамі, каб не пілі спіртное. Рознае бывае, могуць і груба адказаць, і паслаць. Ці ўвогуле не адрэагаваць. Калі гэта з нашай школы вучань, дык звычайна падыходзім і просім разысціся, каб не забралі ў міліцыю. Адміністрацыя кажа, што школе не патрэбныя пратаколы, таму па магчымасці трэба вырашаць усё на месцы, мірна”.
Афіцыйна настаўніцкі патруль — гэта распараджэнне аддзела адукацыі Крупскага райвыканкама. Чыноўнікі рукамі, а дакладней, нагамі педагогаў праводзяць прафілактыку ўжывання алкаголю і правапарушэнняў сярод падлеткаў.
“Гэта настаўніцка-бацькоўскі патруль, — расказвае Еўрарадыё намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Крупскага райвыканкама Уладзімір Ахрамчук. — Вечарамі працуюць гурткі, секцыі, факультатывы. А недзе, можа, дзеці і не дагледжаныя. Таму ходзім, правяраем, дзе яны збіраюцца. Дом культуры, дыскатэкі. Што тут такога? Гэта нармальная форма ў рэспубліцы”.
У іншых райцэнтрах Мінскай вобласці нам адказваюць, што “настаўніцкія дазоры” існуюць і ў іх. Але пацвярджэнняў, што да такой практыкі дайшло ў іншых абласцях Беларусі, у нас знайсці не атрымалася.
Пераходзяць на іншую вуліцу і працягваюць піць
Па інструкцыі настаўнікі, якія злавілі п’яных падлеткаў, мусяць выклікаць міліцыю і бацькоў. Наша суразмоўніца расказвае, што гэтага ніхто не робіць, праблемы і далейшыя разборы нікому не патрэбныя: “Мы прапаноўваем школьнікам ісці дамоў. Тыя пагаджаюцца, але проста пераходзяць на іншую вуліцу і працягваюць піць”.
“Калі падчас майго патруля міліцыя затрымала падлетка за распіццё ці яшчэ за нешта, адказваць усё роўна буду я, — крыўдуе настаўніца. — Нават калі ў той момант была на іншай вуліцы ці ў іншым мікрараёне. Афіцыйна яшчэ і бацькі павінны разам з настаўнікамі хадзіць, але яны гэтага не робяць. І паўплываць я не магу на іх. З настаўнікамі з іншых абласцей размаўляла, дык яны не чулі пра такое”.
Дырэктар крупскай раённай гімназіі Ірына Шамашова расказвае Еўрарадыё, што патруль з настаўнікаў працуе ўжо шмат гадоў. Яна нават згодная, каб наш карэспандэнт паўдзельнічаў у такім патрулі разам з настаўнікамі. Але — толькі з дазволу райвыканкама.
Дырэктар школы №3 Алена Баранчук размаўляць пра настаўніцкія патрулі адмаўляецца: “Калі вам цікава, дык паспрабуйце ў іншай школе. А то будзеце потым па ўсёй Еўропе расказваць, а нам гэта не трэба”.
За кошт настаўнікаў
Маршрут настаўнікаў не абмяжоўваецца горадам. Патруляваць даводзіцца і суседнія аграгарадкі. Педагогі мусяць дабірацца туды і адтуль самастойна. “Настаўніцкая дазор” заканчваецца пазней, чым адыходзяць апошнія прыгарадныя аўтобусы, таму вяртацца даводзіцца на таксі — за свой кошт.
Сур’ёзных канфліктаў з падлеткамі жанчына не памятае, але кажа, што сэнсу ў іх хаджэнні па вуліцах няма. Акрамя таго што патруляваць вуліцы трэба ў пятніцу і суботу, сачыць за парадкам даводзіцца і ў святы. На Новы год настаўнікі патрулююць горад да раніцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.