Мовазнаўцы рыхтуюць слоўнік беларускай мовы ў 15 тамах
Навукоўцы рэалізуюць маштабны праект / Ілюстрацыйнае фота sb.by
Мовазнаўцы рыхтуюць новы фундаментальны тлумачальны слоўнік беларускай мовы ў 15 тамах, дзе будзе змешчана больш за 250 тысяч слоў. Такога аб'ёму дагэтуль не было. Пра гэта распавёў дырэктар філіяла “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў.
Паводле яго слоў, гэта адзін з асноўных праектаў у Інстытуце мовазнаўства. Ён "будзе адлюстроўваць лексічнае багацце мовы з улікам тых змен, якія адбыліся ў апошнія дзесяцігоддзі ў сувязі з сацыяльна-эканамічнымі, палітычнымі зменамі, у культурным жыцці". Першы том неўзабаве будзе надрукаваны.
Летась выйшаў з друку тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы ў двух тамах — каля 65 тысяч слоў. У ім таксама былі ўлічаныя змены, зафіксаваныя запазычанні, якія трапілі ў беларускую мову, словы, за кошт якіх папоўніўся лексічны склад мовы ў апошнія дзесяцігоддзі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.