МУС правярае відэа, дзе інспектар ДАІ адпускае кіроўцу, атрымаўшы нешта ўзамен
Скандальны відэаролік з назвай “Прывет неасцярожнаму інспектару” разышоўся па інтэрнэце 11 красавіка. Яго апублікавалі на блогу telogreykin.by. На відэа бачна, як інспектар ДАІ вядзе дыялог з аўтамабілістам. Усё гэта адбываецца на дварэ, а не ў службовай машыне №808 (хутчэй за ўсё, гэта борт ДАІ УУС Мінаблвыканкама). Аўтааматар нешта кладзе ў папку міліцыянеру, а пасля забірае дакументы і паспешліва сыходзіць. Таксама па відэа зразумела, што аператар вядзе здымку з лесу, схаваўшыся за дрэвамі.
Многія інтэрнэт-каментатары палічылі ролік доказам карупцыі. З іншага боку, не бачна, ці паклаў аўтааматар у папку інспектара менавіта грошы.
“Можа быць, аўтамабіліста адпусцілі пасля перадачы каляндарыка ці іконкі? Інспектар быў уражаны і змякчыўся”, — у тым ліку, і такія жартаўлівыя меркаванні апублікаваныя пад ролікам.
Як стала вядома Еўрарадыё, у вытворчасці Следчага камітэта няма матэрыялаў, звязаных з публікацыяй відэа.
Па ідэі, праверку ў такіх сітуацыях павінна праводзіць служба ўласнай бяспекі МУС.
“Міністэрства унутраных спраў звярнула ўвагу на гэтае відэа, і мы правяраем інфармацыю. У нас дастаткова сіл і сродкаў, каб гэта ўсё праверыць, устанавіць ісціну”, — паведамляе Канстанцін Шалькевіч, начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі.
Калі праверка будзе завершаная і пра што даведалася міліцыя на дадзены момант, не паведамляецца.
Беларусы не часта даведваюцца пра крымінальныя справы за хабарніцтва, распачатыя на міліцыянераў. Пра апошні гучны выпадак паведамлялася ў студзені, калі арыштавалі намесніка начальніка Дзяржаўтаінспекцыі Віцебскай вобласці.
У статыстыцы Генпракуратуры датычна карупцыйных злачынстваў міліцыянеры не вылучаныя асобнай групай. Яны разам з іншымі сілавікамі ды чыноўнікамі аб’яднаныя ў “сферу дзяржкіравання”. Дык вось, цягам 2015 года прадстаўнікі гэтай сферы здзейснілі 221 карупцыйнае злачынства. Для параўнання, роўна такі ж паказчык у прадстаўнікоў сферы аховы здароўя. У гандлі зафіксаваныя 123 карупцыйныя злачынствы, у будаўніцтве — 133, у сельскай гаспадарцы — 143, у прамысловасці — 183.