Мужчына, герой "пакаяльнага відэа" з Казахстана, апынуўся вядомым музыкам

Вікрам Рузахунаў / kaktus.media
Вікрам Рузахунаў / kaktus.media

Мужчына, герой "пакаяльнага відэа", апублікаванага казахстанскімі сілавікамі, апынуўся вядомым кыргызскім музыкам. Пра гэта паведамілі ў МУС Кыргызстана.

Раней казахстанскія СМІ распаўсюдзілі відэа, на якім затрыманы мужчына з відавочнымі слядамі збіцця на твары кажа, што прыляцеў з Кыргызстана для ўдзелу ў мітынгу. Паводле яго слоў, "невядомыя людзі" абяцалі заплаціць яму за ўдзел у акцыі 90.000 тэнге (каля $ 200).

МУС Кыргызстана ў нядзелю паведаміў, што затрыманы мужчына на відэа — гэта джазавы музыка Вікрам Рузахунаў. Ён часта гастраляваў у Алматы. Напярэдадні Новага года яго таксама запрасілі даць канцэрт. 16 снежня ён купіў квіток, а 2 студзеня прыляцеў у Алматы. У аэрапорт яго праводзілі сваякі. 

Яны і распавялі, што Рузахунаў у Казахстан "ездзіў толькі па запрашэнні для правядзення канцэртных праграм, а таксама для ўдзелу ў музычных фестывалях у Казахстане і ў краінах СНД".

Вікрам Рузахунаў — выканаўца джазавай музыкі, піяніст і адзін з арганізатараў штогадовага Міжнароднага музычнага фестывалю "Бішкек-джаз-вясна".

Варта адзначыць, што падобную практыку выкарыстоўваюць і ў Беларусі. Падобныя відэа публікуюцца ў праўладных телеграм-каналах і транслююцца па дзяржаўнаму тэлебачанню ў Беларусі. У іх людзі таксама прызнаюцца ў тым, што здзейснілі злачынствы і правапарушэнні. Па некаторых з тых, хто з'яўляецца ў кадры, прыкметна, што перад запісам іх збівалі або ўжывалі да іх гвалт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі