МЗС адсочвае сітуацыю ў Італіі (нумар для беларусаў, чые сваякі ў зоне бедства)
МЗС Беларусі адсочвае сітуацыю ў Італіі ў сувязі з наступствамі моцнага землятрусу. Пакуль няма звестак, ці пацярпеў нехта з нашых суайчыннікаў.
“Калі вашы родныя знаходзяцца ў пацярпелых ад землятрусу раёнах Італіі і не выходзяць на сувязь, просім паведаміць пра гэта па тэл.+ 393454803465”, — такую інфармацыю ведамства пакінула ў сваім Твітары.
Землятрус магнітудай у сама меней 6,2 бала адбыўся пад раніцу серады ў цэнтры Італіі. Эпіцэнтр знаходзіўся на поўдзень ад горада Перуджа, на глыбіні 4 км.
Мэр горада Аматрычэ паведаміў мясцовай радыёстанцыі, што ў цэнтры горада абрынуліся некаторыя будынкі, пад абломкамі якіх ёсць людзі. Ён таксама сказаў, што ў выніку стыхійнага бедства горад застаўся без электрычнасці.
ВВС са спасылкай на італьянскія СМІ перадае, што ў Рыме цягам 20 секунд трэсліся будынкі.
Па дадзеных Еўраньюс, сама меней 2 чалавекі загінулі ў выніку стыхійнага бедства (па іншых звестках, ад 6 да 14). У пэўных мясцовасцях моцныя разбурэнні, пад заваламі застаюцца людзі.