МЗС: Беларусь не аказвае ваеннай дапамогі нікому ў карабахскім канфлікце
Міністэрства замежных спраў выступіла з чарговым тлумачэннем пазіцыі Беларусі да канфлікту ў Нагорным Карабаху.
Прэс-сакратар дыпламатычнага ведамства Дзмітрый Мірончык нагадаў, што МЗС 2 красавіка зрабіў заяву ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі вакол Нагорнага Карабаху. "Ключавая пазіцыя, з якой зыходзіць беларускі бок, — гэта выразны заклік устрымлівацца ад ужывання сілы або пагрозы сілай у міжнародных адносінах", — патлумачыў ён. Па словах Мірончыка, праблема Нагорнага Карабаха можа быць вырашаная толькі мірным шляхам і ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права.
Як паведамляла Еўрарадыё, заява МЗС Беларусі была неадназначна ўспрынятая армянскім бокам. 3 красавіка амбасадара Беларусі ў Арменіі Ігара Назарука нават выклікалі з гэтай нагоды ў мясцовы МЗС.
"Што датычыць заяваў аб аказанні Беларуссю ваеннай дапамозе аднаму з бакоў, якія прагучалі ў некаторых СМІ, то гэта абсалютныя чуткі, якія не маюць пад сабой ніякіх падставаў. Беларусь заўсёды гатова спрыяць пошуку мірнага ўрэгулявання канфлікту за сталом перамоваў. Пра ваеннае вырашэнне або ваенную дапамогу не можа быць і гаворкі", — заявіў Дзмітрый Мірончык.