МЗС Беларусі паедзе на акцыю ў Маўтхаўзен, нават калі адклічуць запрашэнне

МЗС Беларусі паедзе на акцыю ў Маўтхаўзен, нават калі адклічуць запрашэнне

Беларуская афіцыйная дэлегацыя паедзе на памятную акцыю ў канцлагер Маўтхаўзен, нават калі афіцыйнае запрашэнне будзе адкліканае. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Пра тое, што афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі і Расіі не будуць запрашаць на памятную акцыю ў гадавіну вызвалення канлагера Маўтхаўзен, паведаміла інфармагенцтва Austria Press Agency. Перад гэтым дыпламатаў Беларусі і Расіі адмовіліся запрашаць на такую ж акцыю ў Бухенвальдзе. Прычынай стала вайна, якую Расія з дапамогай беларускіх уладаў вядзе ва Украіне.

"Мы ўважліва азнаёміліся з паведамленнямі, якія ёсць у аўстрыйскай прэсе, але па факце сітуацыя выглядае так: амбасада Беларусі ў Вене яшчэ месяц таму атрымала адпаведнае афіцыйнае запрашэнне на памятную цырымонію ў канцлагеры Маўтхаўзен. Па стане на сённяшні дзень ніхто гэтае запрашэнне ў нас не адклікаў. Таму, хто б што ў аўстрыйскай прэсе ні заяўляў, амбасада Рэспублікі Беларусь запрошаная, мае намер і будзе ўдзельнічаць у памятных мерапрыемствах. Больш за тое, мы гэта робім штогод па закліку сэрца, а не па нейкіх запрашэннях. Гэта наш святы абавязак, які мы выканаем. Нават калі хтосьці вырашыць зараз нешта фармальна ў тэрміновым парадку адклікаць, мы ўсё роўна паедзем аддаць даніну памяці", — заявіў Глаз. 

Дарэчы, арганізацыі, якія ладзяць акцыі ў памяць пра вызваленне канцлагераў, заўжды падкрэсліваюць, што радыя вітаць звычайных грамадзян Беларусі і Расіі. Адмова датычыць толькі афіцыйных дэлегацый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі