МЗС Беларусі патрабуе ад Літвы патлумачыць выказванні яе прэзідэнта
МЗС Беларусі 6 чэрвеня выклікала літоўскага амбасадара ў сувязі з выказваннямі прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ ў інтэрв'ю тэлекампаніі LRT.
Інтэрв'ю з'явілася 5 чэрвеня. У ім літоўская кіраўніца пералічвала выклікі і пагрозы, якія цяпер стаяць перад Літвой. У іх ліку былі названыя мілітарызацыя Калінінградскай вобласці, суседства з Беларуссю і Расіяй, а таксама выкарыстанне беларускай тэрыторыі для "агрэсіўных гульняў, накіраваных супраць Захаду". Насцярогу ў Грыбаўскайтэ выклікалі будучыя беларуска-расійскія ваенныя вучэнні "Захад-2017". Яны пройдуць на тэрыторыі Беларусі і Расіі ў верасні.
МЗС Беларусі, як паведамляецца на сайце ведамства, запатрабаваў ад літоўскага пасла тлумачэнні ў сувязі з абвінавачваннямі Беларусі ў пагрозе для краін Балтыі і Польшчы, якія прагучалі ў з вуснаў Грыбаўскайтэ.
Лексіка, якую ўжывала літоўскі прэзідэнт, у прыватнасці словы "агрэсіўныя гульні", была ацэненая як абраза для нашай краіны, якая вядзе міралюбівую палітыку.
"Такія заявы робяцца не для ўмацавання бяспекі ў рэгіёне, а каб павысіць сваю пазнавальнасць сярод партнёраў па НАТА і папулярнасць у выбарцаў. Вельмі дзіўна, што падобная рыторыка гучыць з вуснаў прэзідэнта краіны, дружалюбныя адносіны з якой замацаваныя беларуска-літоўскай "Дамовай аб добрасуседстве і супрацоўніцтве", падпісанай і дзейнай ужо больш за 20 гадоў", — падкрэслівае прэс-служба МЗС.