На аршанскім заводзе кажуць, што каментаваць сітуацыю забараніў міністр

На аршанскім заводзе кажуць, што каментаваць сітуацыю забараніў міністр

Пасля скандалу, які Аляксандр Лукашэнка ўчыніў на інструментальным заводзе ў Оршы, пасадаў пазбавіліся прэм’ер-міністр, некалькі віцэ-прэм’ераў і міністры. Кіраўнік краіны быў незадаволены і працай мясцовых кіраўнікоў. Ён загадаў давесці прадпрыемства да ладу да канца года.

Як распавялі Еўрарадыё на заводзе, асаблівых зменаў пасля прыезду Лукашэнкі не адбылося. Каб прыбраць тэрыторыю прадпрыемства, правялі суботнік. На гэтым пакуль усё.

“Ніякіх пераменаў пакуль няма. Зразумейце, гэта так хутка не робіцца, — распавядае Еўрарадыё рабочы з прадпрыемства. — Працуем па заказах, але іх не шмат. Хто яшчэ з савецкіх часоў працуе — па 1000 рублёў атрымлівае, але такіх не шмат. У асноўным, [заробак] 200-300 рублёў”.

Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, людзі працуюць на вельмі старым абсталяванні. Станкі 1960-х гадоў вытворчасці маюць патрэбу ў замене. На тэрыторыі прадпрыемства — шмат памяшканняў, якія цяпер не выкарыстоўваюцца.

“Памяшканні закінутыя, — дадае рабочы. — Усялякія зламаныя прыстасаванні там захоўваюць, смецце, адным словам, тое, што не патрэбнае. Увогуле, толкам яшчэ пакуль нічога не зрабілі. Суботнік, праўда, быў, нешта падфарбоўвалі”.

Рабочы Аршанскага інструментальнага завода ўпэўнены, што калі навесці парадак на тэрыторыі да канца года яшчэ магчыма, дык замяніць старое абсталяванне на новае за чатыры месяцы наўрад ці паспеюць.

Звязацца з кіраўніком прадпрыемства Уладзіславам Бардзюковым у Еўрарадыё не атрымалася. Яго намеснікі адмовіліся ад каментарыяў. Адзін з іх заявіў, што каментаваць сітуацыю на прадпрыемстве забараніў міністр прамысловасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі