На БелАЭС пацвердзілі, што менеджар “Атамбудэкспарта” выдалены з будпляцоўкі
Начальніку ўпраўлення вентыляцыі і сістэмы пажаратушэння расійскага прадпрыемства “Атамбудэкспарт” Дзмітрыю Зіноўеву забаронены ўваход на будпляцоўку Беларускай АЭС. У дырэкцыі станцыі Еўрарадыё паведамілі, што праца Зіноўева прывяла да шэрагу парушэнняў, якія могуць прывесці да збояў работы АЭС. “Атамбудэкспарт” — адзін з падрадчыкаў на будоўлі БелАЭС.
“У адпаведнасці з генеральным кантрактам мы маем права выдаляць асоб, якія вядуць сваю дзейнасць непрафесійна ці працуюць у нейкім іншым ключы. Мы гэтым правам скарысталіся, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара БелАЭС па рэжыме і фізічнай абароне Міхаіл Кісель. — На тэрыторыі БелАЭС яго [Дзмітрыя Зіноўева. — Еўрарадыё] няма, доступ на пляцоўку ануляваны.
Абсталяванне, у якім былі выяўлены недахопы, замененае. Натуральна, што на тэрыторыі будаўніцтва яго не будзе”.
Міхаіл Кісель на стаў каментаваць чуткі пра затрыманне Зіноўева. Нагадаем, яны з’явіліся 23 верасня, з'явіўся ліст за подпісам гендырэктара БелАЭС Міхаіла Філімонава. У дакуменце паведамляецца, што 6 красавіка Дзмітрый Зіноўеў быў затрыманы, супраць яго распачата крымінальная справа за камерцыйны подкуп. Нібыта затрыманне адбылося, калі Зіноўеў атрымліваў грошы ад прадстаўніка ТАА “НВА Вентэхсэрвіс” і ТАА “Леванта Груп”.
У Следчым камітэце, куды звярнулася Еўрарадыё, інфармацыю пра затрыманне Дзмітрыя Зіноўева пакуль не пацвердзілі, але і не абверглі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.