На чэмпіянаце свету беларускія гандбалісты прайгралі шведам
У 1/8 чэмпіянату свету па гандболе, які праходзіць у Францыі, зборная Беларусі прайграла камандзе Швецыі, перадае БЕЛТА.
Барацьба за выхад у чвэрцьфінал у нашых спартоўцаў не склалася амаль ад самага пачатку. Шведы валодалі ініцыятывай і першую палову гульні скончылі з лікам 24:11. Пасля перапынку яны працягнулі валадарыць на пляцоўцы, і ў выніку гульня скончылася іх перамогай з лікам 41:22.
У чвэрцьфінале шведскія гандбалісты сустрэнуцца з камандай Францыі — цяперашнімі чэмпіёнамі планеты.
У іншым нядзельным паядынку 1/8 фіналу зборная Венгрыі перамагла датчан з лікам 27:25. У чвэрцьфінале пераможцы падужаюцца з камандай Нарвегіі.