На чым лётаюць "Белавія" і замежныя авіякампаніі (інфаграфіка)
Над Сінайскім паўвостравам у Егіпце разбіўся расійскі самалёт Airbus A321 "Кагалымавія". Ахвярамі трагедыі сталі 224 чалавекі. Прычыны катастрофы яшчэ невядомыя, але, як заўсёды, пачаліся размовы праз тое, наколькі старым быў 18-гадовы лайнер. Еўрарадыё вырашыла параўнаць сярэдні ўзрост самалётаў беларускіх, заходнееўрапейскіх і расійскіх авіякампаній.
У Нацыянальнай авіякампаніі "Белавія" на сённяшні дзень 28 самалётаў, што выкарыстоўваюцца для перавозкі пасажыраў. Ёсць яшчэ некалькі ўрадавых, але іх мы не бярэм у разлік.
Такім чынам, мы маем: 2 — Boeing 737-800, 6 — Boeing 737-500, 9 — Boeing 737-300, 4 — CRJ-100/200 LR 2 — Embraer 195, 2 — Embraer 175 і 3 — Ту -154 М. І на сённяшні дзень сярэдні ўзрост флоту "Белавія" — 17 гадоў.
У пачатку 2014 года "Белавія" набыла два новенькія Embraer. На той момант сярэдні ўзрост самалётаў быў 15,5 гадоў. На пачатак мінулага года ёсць дадзеныя па сярэднім узросце флоту іншых авіякампаній. Таму возьмем для параўнання гэты час.
Некага можа здзівіць, што ў лоўкост-кампаній новыя самалёты. Але гэта не дзіўна: яны такім чынам эканомяць грошы!
На новыя аўтамабілі даюць гарантыю, і іх не трэба першыя некалькі гадоў рамантаваць. Падобная сітуацыя і з самалётамі. Новы лайнер таннейшы ў абслугоўванні. Таму бюджэтныя авіякампаніі ў асноўным набываюць толькі новыя самалёты і толькі адной мадэлі. Пасля таго як яны адпрацуюць 5-6 гадоў, іх прадаюць.
"Белавія" цяпер таксама пачала закупляць новыя самалёты. 1,5 года таму набылі два новыя "Эмбраеры", а ў 2016 годзе авіякампанія плануе купіць 3 новыя "Боінгі".
Лайнер Airbus A321 "Кагалымавія" не самы стары — яму 18 гадоў і 5 месяцаў. Але пакуль дакладна не вядомая прычына катастрофы. Папярэдняя расшыфроўка "чорных скрыняў" не пацвердзіла, што капітан судна падаваў сігнал бедства.
Фота: planespotters і airliners.net