На гомельскай барахолцы пад відам дзіцячых аўтаматаў прадаюць зброю з Украіны?
Аўтамат / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
На сайце з прыватнымі аб'явамі з'явілася прапанова аб продажы цацачных аўтаматаў АК. Цана, праўда, у іх не дзіцячая — 450 долараў. У каментарах да аб'явы яе аўтар піша, што аўтаматы баявыя і страляюць кулямі 7,62 калібра. "Флагшток" разбіраўся, жарт гэта ці праўда.
На дадзены момант на сайце бясплатных аб'яваў gde.by прапановаў аб продажы цацачных аўтаматаў АК "на кульках" тры. Яны знаходзяцца ў Гомелі і Мазыры. На фотаздымках у аб'явах — танныя пластыкавыя цацкі з Кітая. Каштуюць яны ад 50 да 60 рублёў. А ў апісанні да тавару — зусім іншыя цэны: ад 1100 да 1200 рублёў. Гэта 415-450 долараў.
У адказ на пытанні патэнцыйных пакупнікоў аўтар адной з аб'яваў паведаміў, што прадае сапраўдныя аўтаматы. Іх прывезлі з Украіны ў траўні гэтага года. Нумары аўтаматаў па базах "чыстыя". Што аўтамат страляе чэргамі і адзінкавымі стрэламі. У каментарах таксама пазначаныя гады выпуску зброі — 1983, 1984, 1986.
У аб'яве для сувязі пададзены нумар тэлефона з неіснуючым кодам мабільнага аператара. Для рэгістрацыі на сэрвісе, дзе размешчаныя аб'явы, не патрэбны сапраўдны нумар. А звязацца з аўтарам можна праз паведамленні або электронную пошту.
Журналісты папрасілі аўтара аб'явы даслаць фатаграфіі рэальных аўтаматаў, але ён не пагадзіўся. Сказаў, маўляў, "мы працуем толькі на гэтым сайце".
Перапіску пад аб'явамі аўтар выдаліў. Але самі аб'явы па-ранейшаму даступныя.
Магчыма, гэта фальсіфікацыя. З іншага боку, нельга выключаць, што такім чынам сапраўды гандлююць зброяй: пры адступленні з поўначы Украіны расійскія войскі вывозілі не толькі ўкраінскія аўтамабілі і бытавую тэхніку. Аднак растлумачыць, чаму меркаваныя гандляры зброяй звярнуліся да патэнцыйна ўразлівага малавядомага сэрвісу аб'яваў, цяжка. Акрамя таго, няясна, як аплачваць тавар і якім чынам яго перадаюць пакупніку.
У красавіку-траўні 2022 года жыхары Гомельскай вобласці паведамлялі, што расійскія вайскоўцы падчас адступлення з Украіны спрабуюць прадаваць зброю ў Мазырскім і Нараўлянскім раёнах. Аднак пацвердзіць гэтую інфармацыю не ўдалося.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.