На канцэрт Вайцюшкевіча квіткоў амаль не засталося

Амаль усе квіткі на канцэрт Змітра Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra раскупленыя. Пра гэта паведамляюць арганізатары. Жадаючыя трапіць на першы вялікі выступ музыкі пасля амаль 4-гадовай паўзы могуць набыць апошнія квіткі на сайце kvitki.by.


Нагадаем, канцэрт Змітра Вайцюшкевіча адбудзецца 29 кастрычніка ў ПК імя Шарко (вул. Уральская, 3). Музыкі актыўна рыхтуюць вялікую праграму з лепшых песень.


“Па-першае, за апошнія гады было запісана нямала песень, а па-другое, канцэрт будзе прысвечаны Генадзю Бураўкіну і Рыгору Барадуліну, якіх сёлета не стала, — распавядае пра будучую імпрэзу Зміцер Вайцюшкевіч. — Мне вельмі не хапае іх радасці! Яны былі перакананыя, што нешта мусіць змяніцца. Але да гэтага моманту, на жаль, яны так і не дажылі. Шкада!”


Апошні раз Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra выступалі ў Беларусі 8 сакавіка 2011 года. Пасля чаго ўсе спробы арганізаваць сольны канцэрт па розных прычынах правальваліся. Менавіта таму спявак вырашыў не губляць магчымасці і праз тры з паловай гады “маўчання” выступіць поўным складам.


“Можа, гэта апошні канцэрт, трэба яго з аркестрам адыграць”, — жартуе Зміцер.


Пачатак мерапрыемства — 19:00. Кошт квіткоў: 100—150 тысяч рублёў. Падрабязнасці на сайце euroradio.fm. Даведкі па тэлефоне +375296490888.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі