На кітайскіх пляжах правінцыі Фуцзянь, найбліжэйшай да Тайваня, з'явіліся танкі
Танкі на пляжы кітайскай правінцыі Фуцзянь / скрыншот відэа
На кітайскіх пляжах у правінцыі Фуцзянь, найбліжэйшай да Тайваня, з'явіліся танкі. Відэа баявых машын, якія рухаюцца міма адпачывальнікаў, публікуюць у сацсетках. Акрамя таго, у аўторак раніцай кітайскія ваенныя самалёты праляцелі блізка да сярэдняй лініі, якая раздзяляе Тайваньскі праліў. Паблізу неафіцыйнай радзяляльнай лініі з панядзелка застаюцца і некалькі кітайскіх ваенных караблёў. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на свае крыніцы.
Кітай выступае супраць візіту ў Тайвань спікера Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пелосі. Яна знаходзіцца цяпер у рэгіёне з турнэ і сёння прыбыла ў Малайзію. У яе офісе кажуць, што яна таксама паедзе ў Паўднёвую Карэю і Японію. Тайвань пры гэтым не згадваюць.
Крыніца Reuters, знаёмая з маршрутам Пелосі, сказала, што большасць яе запланаваных сустрэч, у тым ліку з прэзідэнтам Тайваня Цай Інвэнь, былі запланаваныя на сераду. Так што не выключана, што дэлегацыя Пелосі прыбудзе на Тайвань толькі заўтра раніцай.
"Усё няпэўна", — кажа крыніца.
Дадамо, што ў панядзелак афіцыйны прадстаўнік міністэрства замежных спраў Кітая Чжаа Ліцзянь заявіў, што візіт Пелосі на Тайвань будзе "грубым умяшаннем ва ўнутраныя справы Кітая". Ён таксама папярэдзіў, што "Народна-вызваленчая армія Кітая ніколі не будзе сядзець склаўшы рукі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.