На пратэсты супраць карупцыі ў Румыніі выйшлі 230 тысяч чалавек

На пратэсты супраць карупцыі ў Румыніі выйшлі 230 тысяч чалавек

Больш за 230 тысяч грамадзян Румыніі выйшлі 1 лютага на акцыі пратэсту супраць карупцыі, перадае Бі-Бі-Сі. Румынскі ўрад плануе вызваліць ад крымінальнай адказнасці чыноўнікаў за карупцыю з шкодай менш за 200 тысяч леяў (47,5 тысячы долараў). Таксама ў Румыніі плануецца амніставаць усіх асуджаных, чый тэрмін пакарання складае менш за пяць гадоў.

На думку ўладаў, такія рашэнні дазволяць справіцца з перапоўненасцю турмаў. Іх праціўнікі заяўляюць, што сярод памілаваных могуць быць палітыкі, асуджаныя за карупцыю. Напрыклад, амністыю можа атрымаць старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Румыніі Лівіу Драгня, асуджаны за падтасоўку галасоў на выбарах, а таксама медыямагнат Дан Вайкулеску, асуджаны на 10 гадоў за адмыванне грошай.

Гэтыя рашэнні выклікалі абурэнні грамадзян. У Бухарэсце на вулічныя пратэсты 1 лютага выйшлі каля 130-150 тысяч чалавек. Яшчэ 100-150 тысяч пратэстоўцаў выйшлі на вуліцы ў іншых гарадах краіны.

Пратэсты ў Бухарэсце скончыліся мірна. Аднак пасля іх на плошчу прыйшлі каля 300 футбольных фанатаў якія пачалі кідаць у паліцэйскіх камяні і фаеры. У адказ паліцыя ўжыла слёзацечны газ. Па звестках уладаў, два пратэстоўцы і два паліцыянты атрымалі лёгкія раненні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі