На прэзентацыі новага альбома Пукст вучыў слухачоў разумець свае тэксты

"Адсутнасць павярхоўнасці скразной лініяй праходзіць праз усю маю творчасць", — папярэджвае Сяргей Пукст і пачынае міні-канцэрт у гонар прэзентацыі "Последнего альбома". Новая пласцінка музыкі рабілася вельмі доўга. Яна складаецца з песень, створаных гуртом Pukstband, які ўжо некалькі гадоў адпачывае ад гучных канцэртаў.


"Гэта квінтэсенцыя таго, што я раблю, — хваліць Пукст пласцінку. — Без нейкіх зніжак на абставіны, гэтая праца сапраўды рабілася вельмі доўга, гэта сапраўды добрасумленная праца, якой я ганаруся. Я лічу, што гэта адзін з лепшых беларускіх альбомаў увогуле — калі б я так не лічыў, я б ні ў якім разе яго не выдаваў".


Прысутных у кнігарні "ЛогвінаЎ" Сяргей Пукст запэўнівае, што ўсе яго творы патрабуюць дадатковага тлумачэння, і што ён не можа пакінуць нікога сам-насам з тэкстамі, якія могуць быць часам "не таленавітымі, але напісаныя ад чыстага сэрца". Лекцыя Пукста перарываецца спевамі пад электрагітару. Прычым, Сяргей раптам вырашае, што "Последний альбом" слухачы і так паслухаюць, і звяртаецца да свайго "Внутреннего" — пласцінкі, якая выйшла год таму.


"Внутреннее" — гэта стэрылізаваная ў нейкім сэнсе праца, у якой я адзін адказваю за арганізацыю прасторы і самастойна выбіраю для гэтага сродкі, — параўноўвае музыка свае апошнія опусы. — А ў "Пукстбэндзе" ідзе ўзаемадапаўненне з іншымі музыкамі. Гэта момант драйву, момант гурта, як машыны, якая рухаецца наперад".


Сяргей Пукст смела канстатуе, што "такія альбомы цяпер не робяць". Ён распавядае пра фантастычных музыкаў Pukstband, якія не атрымоўваць грошай за сваю працу, а "проста любяць музыку". І не перастае дзякаваць саўндпрадзюсару Аляксандру Геліху, які "удыхнуў жыццё" у матэрыял, зрабіў яго жывым і інтэрпрэтаваў абсалютна "правільным чынам".


"Калі цяпер гэта не пойдзе, то, значыць, ужо не пойдзе. Бо ўжо лепш не атрымаецца, — малюе Сяргей будучыню "Пукстбэнда". І прадае дыскі, кожны з якіх аформіў уласнаручна. У інтэрнэт заліваць пласцінку цалкам музыка не будзе... пакуль. Маўляў, адну частку аддаў, а другую няхай купяць.




 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі