На прылаўкі мінскіх крамаў вярнулі імпартнае піва
Афіцыйнага дазволу на вяртанне замежнага піва прадаўцы не чакалі, бо афіцыйнай забароны таксама не было.
Нагадаем, што 7 траўня з прылаўкаў сталічных крамаў стала знікаць імпартнае піва. На час хакейнага чэмпіянату ў Мінску прадавалася толькі беларускае піва. Крамы спасылаліся на Галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку Мінгарвыканкама, а чыноўнікі гэтага ўпраўлення здзіўляліся пытанням журналістаў. Таму ініцыятара такога кроку выявіць так і не ўдалося.
У панядзелак, першы дзень пасля чэмпіянату, замежнае піва вярнулася на прылаўкі мінскіх крамаў. Прадстаўнікі кампаній-імпарцёраў кажуць, што ўвесь гэты час імпартнае піва заставалася на складах крамаў, перадае onliner.by. А вось супрацоўнікаў кампаній на два тыдні адправілі адпачываць за свой кошт: няма піва — няма працы.
Фота — onliner.by