На шпацыр вадзілі ў кайданках — прафсаюзны лідар пра суткі ў Наваполацкім ІЧУ

Максім Пазнякоў​ / belmarket.by
Максім Пазнякоў​ / belmarket.by

Умовы ў ізалятары былі "не вельмі", расказаў пра свой арышт лідар Беларускага незалежнага прафсаюза Максім Пазнякоў. Яго абралі выканальнікам абавязкаў старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў пасля затрымання Аляксандра Ярашука. Тады затрымалі шэраг прафсаюзных лідэраў і актывістаў.

Пазнякоў тады выступіў з заявай ад імя прафсаюзаў, запатрабаваў вызваліць калегаў. У выніку сам апынуўся на сутках. На першыя 15 сутак яго асудзілі за сцяг Украіны і фразу "За незалежнасць". Потым былі другі суд і другія 15 сутак.

"15 сутак я сядзеў у Наваполацку і 15 сутак — у Віцебску. У Віцебску гэта — тэрыторыя СІЗА, там наогул турэмны рэжым, без шпацыраў, без нічога", — расказаў Пазнякоў у інтэрв'ю "Народнай Волі".

У Наваполацку шпацыры былі, але выводзілі на іх у кайданках. Першыя дні перадачы даходзілі, а потым з іх знікла ежа. Аддавалі толькі адзенне і прадметы гігіены. Ніякай інфармацыі і лістоў. За гэты месяц, расказвае Пазнякоў, ён схуднеў на 10 кілаграмаў.

З'язджаць з краіны, паводле яго слоў, ён не збіраецца. Пакуль няма рашэння аб ліквідацыі незалежных прафсаюзаў, ён мае намер паспрабаваць захаваць аб'яднанне.

"Хацелася б, вядома, захаваць арганізацыю. Пяршоўкі мы ўжо страцілі, спрабуем абскардзіць рашэнні, але, шчыра кажучы, я мала веру ў поспех. Калі ўдасца ў цэлым захаваць БНП у цяперашні час – гэта будзе нядрэнна", — кажа прафсаюзны лідар.

Яшчэ адна задача на найбліжэйшы час — дамагчыся вызвалення затрыманых калегаў. У гэтым пытанні Пазнякоў разлічвае на дапамогу міжнародных структур, у тым ліку Міжнароднай арганізацыі працы. Але нават калі ўлады ліквідуюць незалежны прафсаюз, знішчыць рух наўрад ці атрымаецца, лічыць Пазнякоў. Ён прыводзіць прыклад Казахстана, дзе незалежныя прафсаюзы забароненыя.

З забаронай прафсаюзаў "там не зменшылася колькасць пратэстаў рабочых, наадварот, з кожным годам незадаволенасць толькі расце. Знаходзяцца новыя лідары, таму што людзей не задавальняе несправядлівая сітуацыя з умовамі працы, заробкам", — нагадвае ён. Як будзе развівацца сітуацыя ў нас, будзе залежаць, перш за ўсё, ад лідараў на канкрэтных прадпрыемствах.

"Знішчэнне незалежных прафсаюзаў ніяк не паўплывае на рабочых, калі сацыяльна-эканамічная сітуацыя будзе пагаршацца з кожным днём, калі будзе немагчыма карміць сем'і. Тады масавыя пратэсты непазбежныя", — заўважыў Максім Пазнякоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі