На Валожыншчыне рыбак спусціў ваду з возера, каб набраць рыбы

На Валожыншчыне рыбак спусціў ваду з возера, каб набраць рыбы

Пра камічнае здарэнне здарэнне распавяла "Рэгіянальнай газеце" старшая следчая Валожынскага райаддзела Следчага камітэта Аксана Гульба.

Валожынскі райвыканкам здаў у арэнду аднаму з калгасаў возера, каб у ім вырошчвалі рыбу на продаж. Гэтае возера злучанае праз канал з іншым возерам. Яны аддзеленыя між сабой дамбамі, і рыба з аднаго возера не трапляе ў другое.

Увечары 4 лістапада рыбак з Валожыншчыны прыйшоў на возера і стаў вудзіць рыбу на спінінг. Але справа ішла марудна, і ён вырашыў прыспешыць падзеі. Гаечным ключом мужчына адкрыў шлюз, каб вада з возера з рыбай, якую вырошчваюць на продаж, перацякла ў другое возера.

Праз дзве гадзіны па возеры можна было проста хадзіць і збіраць рыбу ў мяхі. Прадпрымальны рыбак назбіраў рыбы, але пабачыў фары машыны, што праязджала міма, і вырашыў уцячы. Спярша ён схаваўся ў кустах, а потым пабег дамоў.

На яго няшчасце, гэта была машына міліцыі. Праваахоўнікаў выклікалі мясцовыя жыхары, якія заўважылі, што ў адным возеры нечакана стала хутка ўздымацца вада.

Рыбака затрымалі. Яму пагражае да трох гадоў турмы.

Калгасу, які арандаваў возера ўказалі на недахопы і параілі іх выправіць. У прыватнасці, наладзіць асвятленне тэрыторыі, наняць ахоўніка і паставіць папераджальную таблічку, што ў возеры вудзіць нельга.

Фота: fainaidea.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі