На волю выйшаў выдавец Зміцер Колас
Зміцер Колас / pushlib.org.by
На волю пасля затрымання выйшаў выдавец Зміцер Колас, паведамляе Reform.by са спасылкай на яго сяброў.
Дзесяць сутак перакладчык і літаратуразнаўца правёў ва ўнутранай турме КДБ — так званай "Амерыканцы".
Па словах сяброў, абвінавачванне Коласу не выставілі. Прычыны затрымання пакуль не разгалошваюцца.
Супрацоўнікі КДБ затрымалі Коласа 4 сакавіка ў яго кватэры. Праз два дні яго выдавецтва, як распавядала Еўрарадыё, паведаміла ў сацсетках аб часовым прыпыненні дзейнасці.
Паводле першапачатковай версіі, затрыманне магло быць звязанае з кнігамі, якія выпускала выдавецтва Змітра Коласа. Пазней з'явілася версія, што затрыманне звязанае з атакай на расійскі самалёт у Мачулішчах: Мікалая Швяца, якога вінавацяць у дыверсіі, затрымалі на лецішчы Алега Сычова — друкара выдавецтва "Зміцер Колас".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.