На якія грошы стаяць пікеты па зборы подпісаў?

Выбары 2015 года значна адрозніваюцца ад мінулых не толькі атмасферай, але і заканадаўча. У тым ліку ў такой далікатнай справе, як грошы. Сёлета дзяржава нічога не дае патэнцыйным кандыдатам, але затое дазваляе ствараць уласныя выбарчыя фонды памерам 1 мільярд 620 тысяч рублёў. Няслабая сума — грошай мусіць хапіць на ўсё.

Званю ў бухгалтэрыю ЦВК, пытаюся, адкуль патэнцыйныя кандыдаты, у тым ліку Лукашэнка, узялі грошы на пікеты па зборы подпісаў. Там жа і сцягі, і новыя плакаты з партрэтамі, кароткія біяграфіі, прыгожыя стэнды. Усё каштуе грошай. Але ў бухгалтэрыі не дужа ведаюць:

“Шчыра кажучы, я не ў курсе справы. Але плакаты, пікеты — усё гэта павінна аплочвацца з фондаў. Для гэтага яны і ствараюцца”.

Увогуле Цэнтрвыбаркам да праверкі фінансавага боку падрыхтаваны добра. Даведваюся, што ўжо 29 ліпеня інфармацыя аб стане выбарчых фондаў сюды паступіць проста з банка, незалежна ад жадання ці нежадання штабаў раскрываць свае грашовыя таямніцы. У дадатак бухгалтэрыя ЦВК дзеліцца сакрэтам — ужо другі дзень збору подпісаў, а фонды маюць толькі тры ініцыятыўныя групы: Таццяны Караткевіч, Жанны Раманоўскай і Сяргея Калякіна:

“У нас сёння тры рахункі адкрытыя. Калякін, Караткевіч і Раманоўская. І першую справаздачу з банка мы чакаем 29 ліпеня. І па паступленні сродкаў, і па выдатках. Гэтую інфармацыю мы будзем правяраць. Ці адпавядае яна тым дакументам, якія атрымаем ад кандыдатаў не пазней за 26 жніўня”.

Пікеты "За Лукашэнку" аздобленыя свежымі плакатамі.

Але пікеты ёсць не толькі ў Калякіна, Караткевіч і Раманоўскай (хаця ў Раманоўскай, відаць, акурат і няма — ніхто не бачыў, прынамсі). У таго ж Лукашэнкі іх ці не найбольш. Са свежымі плакатамі, прыгожымі стэндамі і вялікімі дзяржаўнымі сцягамі. У краме такі каштуе амаль мільён. За праўдай іду на Камароўку, там у дзеючага кіраўніка краіны вялізны пікет, падпісацца можна ажно ў чатырох кропках. Гаспадар адной з іх прадстаўляецца ветэранам вайны, Лукашэнку бачыў асабіста і нават размаўляў, а рыштунак для пікета атрымаў у… адміністрацыі раёна:

“Адміністрацыя нашага раёна нас падбірала, зацвярджала, запрашала, і адказныя асобы адтуль і бланкі гэтыя далі, і пасведчанні — усё далі. І замацавалі за кожным па два дамы. І на пікеты можна прыйсці таксама”.

Паказваю на вялікі прыгожы партрэт кіраўніка краіны з новым выбарчым лозунгам “За будучыню незалежнай Беларусі”: “Адкуль у вас ён?”. Дзядок шчыра прызнаецца, што “ўсё гэта з “Белай Русі”.

Пікет Цярэшчанкі ля ГУМа.

На пікет Віктара Цярэшчанкі натыкаюся ля ГУМа. Камандуе там малады хлопец. Пікет у яго сціплы — два стэнды з біяграфіяй прэтэндэнта, кароткімі тэзісамі, фота. Але свежы, не з мінулых выбараў. Дыялог паміж мной і прыхільнікам Цярэшчанкі атрымліваецца ледзь не анекдатычны:

— Добры дзень, адкуль у вас гэтыя стэнды?

— Не магу адказаць. Я не ведаю, адкуль яны.

— То бок яны тут стаялі, а вы прыйшлі подпісы збіраць і нічога пра стэнды не ведаеце?

— Ну, нехта іх прынёс, я думаю.

— Прадстаўнік штаба Цярэшчанкі?

— Думаю, так. Але не ведаю.

Таццяна Караткевіч каля свайго пікета.

Такія вось пікеты. У бухгалтэрыі Цэнтрвыбаркама пры жаданні будзе шмат працы праз месяц. Для ачышчэння сумлення вырашаю пазваніць кіраўніку выбарчага штаба Таццяны Караткевіч Андрэю Дзмітрыеву. Трэба ж і пра нешта добрае напісаць у артыкуле, не толькі пра парушэнні. У Караткевіч акурат вельмі файныя пікеты ёсць, з прыгожымі плакатамі на поўны рост. Амаль як у Лукашэнкі. Званю, пытаюся, колькі сродкаў у адкрытым фондзе, колькі ўжо патрацілі. Але Дзмітрыеў агаломшвае:

“Так, мы адкрылі фонд, усё як мае быць. Але мы не ведаем, колькі там грошай, яшчэ не глядзелі. Зоймемся гэтым у панядзелак. Мы яшчэ адтуль не бралі ні капейкі”.

Улёткі прэтэндэнта Гайдукевіча без звестак аб накладзе і друкарні.

Напрыканцы жніўня ініцыятыўныя групы павінны даслаць у Цэнтрвыбаркам усе фінансавыя дакументы аб сваёй дзейнасці падчас збору подпісаў. Калі нешта не сыдзецца, кандыдата могуць нават зняць з выбараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі