Naka “Довольна”
Беларускія адэпты рускага року, Naka, выдалі трэці паўнафарматны альбом.
Прадказальна, пласцінка прытрымліваецца аднойчы абранага фронтвумэн Анастасіяй Шпакоўскай стылю і не ўтрымлівае асаблівых адкрыццяў.
Трымаючыся ў рэчышчы згаданай стылістыкі, якая робіць акцэнт у першую чаргу, на лірычным складніку, Naka і гэтым разам не абцяжарвае альбом складанасцю аранжыровак і кампазіцый. Усе "эксперыменты" музыкаў выглядаюць даволі наіўнымі. У выніку, з музычнага пункту гледжання, пласцінка гучыць пляската і неарыгінальна. “Довольна” у значнай меры складаецца з музычных штампаў: ад партый дуды (якую чамусьці на сваім сайце гурт называе жалейкай) у беларускамоўнай песні “Пагоня” да стандартнай эстраднай аранжыроўкі кампазіцыі “Ложь”.
А вось калі звярнуцца да “ядра” творчасці Naka — лірыкі Анастасіі Шпакоўскай — тут заўважныя пэўныя змены. У нядаўнім інтэрв’ю Еўрарадыё артыстка заявіла, што “стала пісаць пра тое, што яе хвалюе ў гэты момант найбольш”, і што “трэці альбом з'яўляецца мастком ў сацыяльную тэму”. Сапраўды, большасць песень інспіраваныя сутыкненнем аўтаркі з нечакана жорсткай беларускай рэчаіснасцю. З 2010 года, калі быў запісаны папярэдні дыск гурта “Пора”, краіна спазнала палітычную фрустрацыю, шок тэракта і эканамічны крызіс. У тэкстах песень альбома можна пачуць водгукі і на наступствы апошніх прэзідэнцкіх выбараў, і на трагедыю ў мінскім метро.
Падаецца, што жах і несправядлівасць сітуацыі глыбока кранулі артыстку. У яе вобразе з’явілася нешта місіянска-рэвалюцыйнае. Наста кінулася ўскрываць фурункулы на сумленні суграмадзян. У выніку, у запале, запрашаючы прыхільнікаў у сацсетках на мінскую прэзентацыю альбома, яна дзіўным чынам пасылае іх у нейкае іншае месца:
“Сябры! Усе тыя, хто НЕ збіраецца заўтра на прэзентацыю новага альбома Naka “Довольна”, НЕ ЗБІРАЙЦЕСЯ! Лепш схадзіць на Міхайлава ці Петрасяна. Лепш не ведаць, не думаць, не адчуваць! Не спыняйцеся весяліцца ні на секунду! Няхай жыве ZOMBY NATION!”
У трэк-лісце сустракаюцца і характэрныя для Анастасіі інтымныя рэфлексіі (“Клочьями”, “Ложь”), і дзіўнаватая песня, якую выпадае ўспрымаць толькі як жарт — нешта псеўда-русканароднае пад назвай “Мой милый”, якая распавядае пра такія вось казусы: “Ветер треплет сердце мне, увидала я во сне, мой любимый на коне уезжает не ко мне”.
Нельга не заўважыць, што Naka вельмі старанна і з імпэтам падыходзіць да працэсу музычнага самавыяўлення. Але музыкам не стае пэўнай самакрытычнасці і жадання эксперыментаў у выбары сродкаў. Магчыма, акустычны фартэпіянны праект Naka piano у дадзеным выпадку можа стаць тым трапным мінімалістычным фарматам, які пазбавіць творчасць Анастасіі Шпакоўскай відавочнай другаснасці.