Наколькі кандыцыянеры шкодныя для здароўя? Тлумачыць доктарка
Ці небяспечныя кандыцыянеры ў аўтобусах?
Улетку ратавацца ад спёкі дапамагае не толькі вада і марозіва, але і кандыцыянер. У некага ён усталяваны дома, у некага — яшчэ і ў офісе. Таксама іх можна сустрэць у грамадскім транспарце. У Мінску абяцаюць істотна папоўніць парк тэхнікі з сістэмай астуджэння і падагрэву.
Карысць кандыцыянера для чалавека зразумелая, але ці могуць яны нашкодзіць здароўю? Пра гэта Еўрарадыё спытала доктарку-педыятарку.
Загартаваныя людзі кандыцыянераў не баяцца
На думку педыятаркі Маі Церакулавай, тэмпература, кашаль і насмарк наўрад ці з'явяцца ў чалавека праз тое, што ён пастаяў пад кандыцыянерам.
— Прастуда і інфекцыі — гэта ўсё ж рознае. Кашаль, насмарк і тэмпература — стандартныя праявы віруснай інфекцыі і да прастуды ніякага дачынення не маюць. Уздым захворвальнасці на вірусныя інфекцыі звязаны з закрытасцю памяшканняў, перасушаным паветрам і адсутнасцю праветрывання. Таму прастудныя захворванні, як правіла, распаўсюджаныя ў халодную пару года і з пераахаладжэннямі нічога агульнага не маюць.
Церакулава кажа, што пераахаладжэнні таксама могуць сустракацца, але яны не так распаўсюджаныя, як вірусныя інфекцыі.
— Імавернасць пераахаладжэння хутчэй залежыць ад арганізма чалавека: загартаваныя людзі будуць нармальна пераносіць перапады тэмператураў. Каб не баяцца пераахаладжэння, трэба не баяцца пераахаладжэння — гартавацца. Гэтым можна пачаць займацца ў любым узросце, проста трэба паволі прывыкаць. Кантрасны душ — гэта не шкодна. Вядома, калі чалавек прывык да цяплічных умоваў, то так, ён можа захварэць. Але якраз гэты стан — не норма. Баяцца пераахаладжэння ад кандыцыянера здароваму чалавеку дакладна не варта.
Можна захварэць на пнеўманію. Але гэта рэдкасць
Нейкую небяспеку кандыцыянеры ўсё ж могуць несці. Паводле педыятаркі, гэта легіянэлёз, хвароба, якая распаўсюджваецца праз сістэмы кандыцыянавання, вентыляванне паветра, сістэмы паліву і фантанаў — усюды, дзе ёсць вада.
— Калі гэтая вада недастаткова чыстая, у ёй ёсць амёбы, а ў іх могуць жыць легіянэлы, якія могуць выклікаць пнеўманію. Гэта не самая распаўсюджаная хвароба, папулярная яна будзе хутчэй там, дзе ёсць сістэмы паліву, а не сістэмы вентылявання. Бо за чысцінёй фільтраў кандыцыянераў у грамадскіх месцах, у тым ліку ў транспарце, як правіла, сочаць.
Каб амёбы не размнажаліся, кажа Церакулава, у кандыцыянерах трэба выкарыстоўваць чыстую ваду і мяняць фільтры мінімум раз у сезон.
— Хоць заражаныя легіянэлёзам амёбы не так хутка размнажаюцца, яны могуць выклікаць пнеўманію дастаткова цяжкага цячэння. Асабліва цяжка яна працякае ў пажылых людзей і ў цэлым у асобаў з паніжаным імунітэтам. Смяротнасць сярод іх можа дасягаць і 40%, у здаровых людзей — парадку 5%.
Легіянэлёз — нячастае захворванне, і імавернасць заразіцца ім у аўтобусе мінімальная, сцвярджае доктарка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.