“Напалохаць тых, хто хоча “карту паляка”: што значаць словы генпракурора Шведа?

“Напалохаць тых, хто хоча “карту паляка”: што значаць словы генпракурора Шведа?

На думку генпракурора Беларусі Андрэя Шведа, “карта паляка”, якую Польшча выдае замежным грамадзянам, якія пацвердзілі прыналежнасць да народа польскага, — гэта не што іншае, як “элемент гібрыднай вайны і антыдзяржаўнай дзейнасці”, які вядзе да “раскладання знутры нашага грамадства”.

Ці значаць словы чыноўніка тое, што хутка пачнецца паляванне на беларусаў, якія маюць “карту паляка”? Бо атрымліваецца, што ўладальнікі карты непасрэдна ўцягнутыя ў “гібрыдную вайну” на баку Польшчы.

— Пагалоўнага пераследу ўладальнікаў “карты паляка” не будзе: нават пры ўсёй здольнасці рэжыму нацягваць законы, тут складана было б захоўваць хаця б імітацыю законнасці, — лічыць акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётр Рудкоўскі. — Дый у арганізацыйным плане гэта складана рэалізаваць. Дапускаю, аднак, імавернасць, што чыноўнікаў, асабліва высокапастаўленых, будуць люстраваць на прадмет “карты паляка”. Уладальнікі такой карты аўтаматычна трапляюць у разрад ненадзейных, і гэта зразумела. Яшчэ адзін практычны эфект гэтай заявы — напалохаць тых, хто яшчэ не мае карты, але думае над тым, каб яе займець.

Але калі такія выказванні ад дзейных беларускіх уладаў прасочваюцца ў медыяпрастору, то ці не папярэджанне гэта пра тое, што хутка ўсё ж пачнуцца нейкія агрэсіўныя — хіба што не рэпрэсіўныя — дзеянні? Вось і гэта прамова Шведа — таксама папярэджанне альбо проста элемент інтэрв’ю?

— Не проста аўтарскі элемент інтэрв'ю — гэта элемент больш маштабнай прапагандысцкай кампаніі, скіраванай, з аднаго боку, на ўздым антыпольскіх настрояў, з другога боку — падтрымліванне ў грамадстве пачуцця пагрозы. Падаграванне антыпольскіх настрояў — гэта перадусім помста рэжыму Польшчы за падтрымку прадэмакратычных памкненняў у Беларусі. А падтрымліванне пачуцця пагрозы — гэта сталы кампанент функцыянавання тыранічных рэжымаў, пра які ўжо ў старажытнасці пісалі Платон і Арыстоцель.

“Напалохаць тых, хто хоча “карту паляка”: што значаць словы генпракурора Шведа?
Пётр Рудкоўскі / belcollegium.by

Як так здарылася, што беларускія ўлады столькі гадоў не заўважалі нібыта “падрыўной працы” польскіх уладаў, а тут раптам яе адшукалі ў “карце паляка”? Закрыццё польскіх школ, дыпламатычныя канфлікты — навошта гэта беларускім уладам менавіта цяпер?

— Антыпольскія акцэнты час ад часу з'яўляюцца як мінімум ад 2005 года, калі Саюз палякаў Беларусі выбраў не таго кандыдата, якога хацеў рэжым, — тлумачыць Пётр Рудкоўскі. — Цяперашні час унікальны толькі інтэнсіўнасцю і працягласцю антыпольскай рыторыкі. Навошта патрэбна гэта цяпер? Помста ды падтрымліванне пачуцця пагрозы.

Навошта ўвогуле беларусу з польскімі каранямі гэта карта? Якія перспектывы ў яе ўладальніка?

— “Карта паляка”, паводле задумы, выдаецца палякам па нацыянальнасці, якія падтрымліваюць повязь з польскай культурай. Для саміх гэтых асоб гэта пашырэнне магчымасцяў — заробкавых, адукацыйных, культурных і гэтак далей. Пасля змены рэжыму з'явяцца шанцы нармалізацыі адносінаў з ЕС і адкрыцця падобных магчымасцяў і для ўсяго беларускага насельніцтва.

“Напалохаць тых, хто хоча “карту паляка”: што значаць словы генпракурора Шведа?
Праўладнае прапагандысцкае выданне нават выпусціла артыкул пра магчымыя сустрэчныя меры — “карту беларуса” / Еўрарадыё

— У дзяржаўнай “Мінскай праўдзе” нядаўна з’явілася прапанова пачаць выдаваць польскім беларусам “карту беларуса”, — працягвае Пётр Рудкоўскі. — Што ж, гэта быў бы цалкам нармальны і зразумелы ход. Вы прывабліваеце нашых грамадзян Польшчай (і Еўропай), мы будзем прывабліваць вашых грамадзян Беларуссю (і Саюзнай дзяржавай). Да вас рвуцца, бо ёсць магчымасці добра зарабіць, а мы зробім так, каб да нас рваліся зарабляць і паляпшаць жыццёвы ўзровень — такі падыход цалкам зразумелы.

Іншае пытанне, што цяперашні беларускі рэжым неканкурэнтаздольны ў плане стварэння прывабных умоваў. Але гэта ўжо не віна “карты паляка” і не віна яе ўладальнікаў.

Прэтэндаваць на карту паляка могуць толькі тыя замежнікі, якія пацвердзяць сваю прыналежнасць да польскага народа. Грамадзяне Польшчы і тыя, хто мае там від на жыхарства, гэты дакумент атрымаць не могуць.

“Карта паляка” адкрывае для яе носьбіта шэраг пераваг, якіх няма ў іншых замежнікаў. Сярод прывілеяў — магчымасць бясплатна атрымаць нацыянальную візу, працаўладкавацца ў Польшчы без неабходнасці атрымання дазволу на працу, бясплатна атрымліваць адукацыю, бясплатна карыстацца экстраннай медыцынскай дапамогай і многае іншае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі