Нарада ў Лукашэнкі: Пенсійны ўзрост уздымуць на тры гады
Пенсійны ўзрост у Беларусі падымуць да 58 гадоў у жанчын і 63 гадоў у мужчын. Такі варыянт быў прызнаны самым прымальным на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на міністра працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Мар'яну Шчоткіну.
Чыноўніца назвала эканамічна больш выгадным варыянтам, калі жанчыны выходзяць на пенсію ў 60 гадоў, а мужчыны — у 63 гады. Варыянт 58 і 63 гадоў Шчоткіна лічыць больш мяккім. Па яе словах, гэты варыянт улічвае нагрузку жанчын, дома, акрамя таго, па выніках статыстыкі, яны даўжэй працуюць.
"Але дзесьці літаральна на пачатку абмеркавання гэтых варыянтаў, калі эканамічны блок стаў даказваць больш рацыянальныя падыходы з пункту гледжання эканомікі, то прэзідэнт прыняў валявое рашэнне і сказаў, што іншыя варыянты проста не будуць разглядацца. Так, нашыя жанчыны сёння маюць патрэбу ў падтрымцы, і мы яе будзем аказваць. Таму варыянт, які прызнаны самым прымальным сёння на нарадзе i па вынiках абмеркавання, — гэта паступовае павышэнне, з крокам па паўгода, пачынаючы з 1 студзеня 2017 года, пенсійнага ўзросту, жанчынам — да 58, мужчынам — да 63 гадоў", — заявіла міністр.
Як паведамлялася раней, Аляксандр Лукашэнка сёння заявіў, што гатовы на наступным тыдні падпісаць дакументы па ўдасканаленні пенсійнай сістэмы.