Народнае веча зноў збярэцца ў цэнтры Кіева
Акцыя пачнецца сёння а 12.00 паводле мясцовага часу на Майдане Незалежнасці.
Лідары трох апазіцыйных сіл — Арсеній Яцэнюк, Віталь Клічко і Алег Цягнібок заклікалі ўкраінцаў выйсці на Майдан. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве “Бацькіўшчыны”, УДАРа і “Свабоды”.
“Мы — людзі, якія хочуць змяненняў, адчуваюць сябе грамадзянамі, а не рабамі, хочуць жыць, а не існаваць. Мы ўсе выйдзем на Майдан Незалежнасці а 12.00 у нядзелю, каб паказаць, што нас мільёны, і ігнараваць нас не варта!” — цытуе лідараў украінскай апазіцыі УНІАН.
На Еўрамайдане выступяць папулярныя музычныя гурты: ТНМК, Мотор'ролла, KOZAKsystem, Гайдамакі, Ролекс. Сярод іх таксама будзе беларускі гурт “Крамбамбуля”. Раней пратэстоўцаў на Еўрамайдане падтрымаў гурт “Ляпіс Трубяцкой”.
Пратэсты ў Кіеве пачаліся месяц таму, пасля таго, як урад прыпыніў падрыхтоўку падпісання асацыяцыі з Еўрасаюзам. 30 лістапада спецназ разагнаў акцыю на Майдане Незалежнасці, пасля чаго пратэсты набралі новую моц.