"Наш ген незабівальны": як жыве мама, двое сыноў якой — палітвязні
Людміла Самусенка — маці братоў-палітвязняў Аляксея і Кіма / Еўрарадыё
"Наогул, у стрэсавай сітуацыі я заўсёды вельмі сабраная. Трымаць эмоцыі ў сабе — чыста механічная логіка. Але потым іх збіраецца вельмі шмат", — перапрашаючы, кажа Людміла Самусенка і просіць дапамагчы атрэсці ёй куртку. За некалькі хвілін да нашага знаёмства мінчанка, абодва сыны якой цяпер сядзяць у мінскім ізалятары на Валадарскага, першы раз у жыцці самлела і вывіхнула нагу.
“У непрытомнасці добра. Упершыню за апошні час не трэба было вырашаць ніякіх праблем", — сумна жартуе Людміла.
32-гадовага Аляксея і 31-гадовага Кіма праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Яны праходзяць падазраванымі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Кіма падазраюць таксама ва ўзломе камп'ютарнай сістэмы Мінгарвыканкама.
Абодва хлопцы — эканамісты. Разам з жонкамі іх вызвалення чакаюць маленькія сын і дачка.
Напісаць ліст Аляксею Самусенку і Кіму Самусенку.
Кіма забралі на вачах у пяцімесячнай дачкі, праз два дні прыйшлі па Лёшу
Мы п'ём гарбату ў маленькай кавярні на Кунцаўшчыне. Людміла працягвае расказваць пра сыноў. Жанчына эмацыйная: то свеціцца ад шчасця, то пачынае плакаць. Яна прызнаецца, што кожны ўспамін робіць яе хоць бы трохі, але бліжэй да дзяцей, якіх яна не бачыла амаль тры месяцы.
3 лістапада ў дзверы ў кватэру, дзе жывуць Людміла і Андрэй, пазванілі.
"Пытаюся: "Хто?" — адказваюць: "Суседзі". Гляджу ў вочка — яно закрытае. Кажу: "Якія суседзі?" Кажуць: "Міліцыя". Адчыняю дзверы, на парозе некалькі чалавек: "Мы да Кіма Андрэевіча". Я паспела адказаць, што ён тут не жыве [дзеці з сем'ямі жывуць асобна. — Рэд.], і паспрабавала крыкнуць мужу, што міліцыя. Мне закрылі рот пальчаткай. Да гэтага я зрабіла аперацыю на ніжняй сківіцы, таму было вельмі балюча. Андрэй выскачыў у калідор, яго паклалі тварам у падлогу. Пачуліся два стрэлы. Думала, труп. Аказалася, стралялі халастымі ў бок сабакі, ён стаў бегаць па кватэры, яго зачынілі ў пакоі".
Жанчына кажа, што сама расказала, дзе жыве сын. Маўчаць было бессэнсоўна, таму што пры жаданні госці ўсё роўна б даведаліся адрас у паліклініцы або на пошце. А так яна хоць бы папярэдзіла, што Кім жыве з пяцімесячнай дачкой.
"Я ім сказала пра гэта шмат-шмат разоў. Мне адказалі, што ведаюць. Пазней нявестка расказала, што ў іх кватэры прайшоў ператрус. Кіма білі, а жонку і ўнучку трымалі за шклянымі дзвярыма. І яны чулі ўдары. Я ўявіць не магу, што адчуваў Кім, стрымліваючы крык, каб не палохаць дачку. Хто мог выхаваць сыноў, якія здольны біць мужчыну ў прысутнасці яго жанчын? Мне страшна. Ува мне нейкая бездань. Я не ведаю назвы гэтага пачуцця. Кім не аказваў супраціву. Што там за мозг? А як жа паняцці гонару, годнасці? Нават пацанскі кодэкс кажа, што так нельга. Я не разумею: як?"
Людміла кажа, што, калі Кіма выводзілі, ён кульгаў. Пазней маці прыйшоў дакумент з СК, у якім гаварылася, што следчыя пачалі праверку аб ужыванні сілы падчас затрымання. Маці пыталася ў адваката, ці не пакалечылі Кіма, як ён? Ёй сказалі: "Цярпіма, ставіцца па-філасофску".
Пятага лістапада забралі і Аляксея. Маці паспела падбегчы да пад'езда і сказаць сыну, што яго любіць. Яна кажа, што сілавікі вынеслі з кватэры тэхніку і рыштунак для страйкбола. Жанчына здзіўляецца, чаму да яго прыйшлі: "Дарог не перакрываў, на дваровыя чаяванні не хадзіў…"
Дзяцінства ў мясцінах Каліноўскага
Людміла Самусенка расказвае, што Кім з дзяцінства быў змагаром. Адразу пасля нараджэння яго паклалі на вагу: ён глядзеў маме ў вочы і гучна крычаў, як быццам не жадаў мірыцца са сваім становішчам. Лёша рос вельмі правільным, акуратным і адказным: дапамагаў маме па доме і прыглядаў за малодшым братам.
Людміла прыводзіць у прыклад гісторыю, якая раскрывае характары сыноў:
"Аднойчы ў двор зайшла карова і падышла да Кіма. Лёша, якому было чатыры гады, заўважыў гэта і ўстаў паміж каровай і братам. Было відаць, як яму страшна, але ён закрываў Кіма. Гэта такі стрыжань... пачуццё мужчыны, якое не выхаваеш, калі яго няма. Лёша — герой. Кім тым часам разглядаў карову, яму было цікава, зусім не баяўся. Мае дзеці такія розныя, але класныя. Вы не ўяўляеце, як мне пашанцавала з маёй сям'ёй. Я імі ганаруся ўсімі".
Пасля нараджэння хлопчыкаў Людміла і яе муж Андрэй купілі дом у вёсцы. Яны лічылі, што дзеці не павінны расці на асфальце, таму сям'я праводзіла там кожнае лета.
Вёска, у якой выхоўвалі дзяцей, знаходзіцца пад Мілавідамі. У 1863 годзе там праходзіла бітва, у якой удзельнічаў Кастусь Каліноўскі. Людміла кажа, што сярод мясцовых ёсць нашчадкі паўстанцаў.
Браты з дзяцінства цікавіліся беларускай гісторыяй. Бацькі — хатняя гаспадыня і энергетык — даставалі ім літаратуру. А пра нешта расказвалі суседзі.
Калі хлопцы падраслі, іх адправілі вучыцца ў 4-ю беларускамоўную гімназію. Хоць Андрэй і Людміла гаварылі на рускай мове, хлопчыкі ўспрынялі навучанне на беларускай абсалютна натуральна. Вучыліся добра, перамагалі ў алімпіядах.
Любоў да прыроды і рыцарства
Дом пад Мілавідамі стаіць побач з лесам. Бацька хлопчыкаў — паляўнічы. Пайсці з ім у лес, паглядзець, як жывуць звяры і птушкі, было ў сям'і адным з любімых заняткаў (Людміла падкрэслівае, што менавіта так, а не "пойдзем, маўляў, прыцягнем мяса"). На вакацыях хлопцы прападалі ў лесе цэлымі днямі. Андрэй вадзіў аднакласнікаў Лёшы і Кіма ў паходы.
Не адставала ад працэсу выхавання і сама Людміла. Калі Кіму споўнілася 17 гадоў, разам з сынам яна арганізавала клуб гістарычнай рэканструкцыі "Паўночны замак". Цяпер ён называецца Lignum vitae — "Дрэва жыцця".
"Па-першае, гэта вельмі цікава, — кажа жанчына. — Па-другое — бязмернае поле для творчасці. І ёсць яшчэ адзін момант: калі ў хлопчыкаў пачынаецца пераходны ўзрост, вельмі складана ўтрымаць з імі кантакт, а тут мы рабілі ўсё разам. Старшым у клубе быў не тата, а Кім. Ролі размяркоўваліся. Гэта вучыла выбудоўваць адносіны. Мы маглі спрачацца да пасінення, адстойваючы свае пункты гледжання, але былі адно з адным. Самі шылі касцюмы, ездзілі па фестывалях, у баях удзельнічалі не шмат, нас больш цікавіла гісторыя, культура, побыт. Жылі вось у такой атмасферы".
"Ён адказаў: "Не ведаю, ці атрымаецца, але выходзіць правільна"
Людміла кажа, што ў сям'і заўсёды адзначалі Дзяды, збіраліся са сваякамі за сталом, успаміналі памерлых. Калі дзеці падраслі, хадзілі на Дні Волі. Лёша заўсёды адсочваў сітуацыю, але да выбараў нідзе не ўдзельнічаў, не бачыў у гэтым сэнсу. Кім лічыў: каб быў вынік, трэба хоць неяк паказваць сваю пазіцыю. Сама Людміла думае, што любыя змены павінны адбывацца ў працэсе эвалюцыі, таму ў сям'і шмат увагі аддавалася адукацыі.
"Вясной усё змянілася, — успамінае яна. — Людзі выходзілі на афіцыйныя пікеты па зборы подпісаў, пратэсты. Мы таксама хадзілі, выкарыстоўваючы сваё канстытуцыйнае права. Памятаю, неяк я спытала ў Лёшы: "Як думаеш, што-небудзь атрымаецца?" Ён адказаў: "Не ведаю, ці атрымаецца, але выходзіць правільна". Што гаварыць, нават муж пайшоў у незалежныя назіральнікі, але яго не зарэгістравалі.
Самымі цяжкімі днямі для мяне былі з 9 да 12 жніўня. Я сядзела дома з сабакам і з'язджала з глузду, калі не магла датэлефанавацца да сваіх мужчын. Адчувала жах, калі іх не было дома. З іншага боку, я баялася, што мае мужчыны будуць дома ўвесь час".
Цяпер жыццё Людмілы — гэта бясконцыя зносіны з адвакатам, спробы падтрымаць нявестак і ўнукаў, перапіска з дзецьмі. Жанчына кажа, што лісты ходзяць дакладна. У іх сыны спрабуюць падбадзёрыць бацькоў, хвалююцца за сваіх дзяцей.
"Часам здаецца, што не вытрымаю, але гэта толькі здаецца, — кажа Людміла. — Веру, што вясной дзеці будуць дома і ўсё наладзіцца. Я сваю перамогу нікому не аддам. [Плача.]
...Беларусаў пастаянна грамілі, захоплівалі, але паглядзіце: наш ген незабівальны. Мы да такой ступені моцны народ, што мы незнішчальныя. Нават калі наша планета раптам абрынецца, мы будзем жыць дзесьці паблізу, там, дзе вельмі шмат вільгаці, як на балотах. Мы крутыя, мы проста касмічныя".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.