Нашых канаістаў пазбавілі Алімпіяды з-за трэнера, які вёз “Мілдранат” для сябе?
З афіцыйнага паведамлення Міжнароднай федэрацыі каноэ (ICF) складана зразумець, за што менавіта наша мужчынская зборная пайшла пад раздачу.
Вядома, што падчас збораў у Францыі ў красавіку ў трэнера жаночай каманды Генадзя Галіцкага былі 16 таблетак “Мілдаранату”. Прэпарат нібыта прымаў сам трэнер з-за праблем з сэрцам. Пры гэтым у спецыяліста быў адпаведны рэцэпт ад беларускага ўрача.
“Але ў беларускіх аптэках такі прэпарат прадаецца без рэцэпта. Ці можаце патлумачыць сітуацыю?” — з такім пытаннем Еўрарадыё звяртаецца да спартыўных функцыянераў падчас прэс-канферэнцыі 19 ліпеня.
На гэта Генадзь Загародны, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спорту, кажа, што пры ўвозе такога прэпарату ў Еўрасаюз рэцэпт неабходны.
“Таму ён быў у трэнера і быў прад’яўлены ў суправаджальных дакументах. Меўся і запіс урача ў медкарце. Чалавек увёз дадзены прэпарат у Еўрасаюз цалкам афіцыйна”, — сцвярджае Загародны.
У гутарку ўключаецца першы віцэ-прэзідэнт НАК Максім Рыжанкоў і дзеліцца ўласным досведам.
“Нядаўна я сам праходзіў медабследаванне. Мне прапанавалі: “Вам бы для сардэчка папіць (“Мілдранат”, — Еўрарадыё). Ён у аптэках прадаецца без рэцэпта, але можам рэцэпт выпісаць”. Я пытаюся: “Навошта?” Патлумачылі, што рэцэпт неабходны падчас паездак за мяжу. Я ў выніку адказаў: “Ведаеце, у сувязі са скандалам, мне не патрэбны ні сам прэпарат, ні рэцэпт на яго”. Напэўна, у свой час трэнер павінен быў паступіць такім жа самым чынам”, — разважае Рыжанкоў.
Усю гэтую гутарку не можа слухаць спакойна Уладзімір Шантаровіч, галоўны трэнер нацыянальнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ. Ён падкрэслівае, што прафесійныя спартсмены, калі гэта было дазволена, прымалі “Мілдранат” унутрывенна ў якасці ўзнаўляльніка. Сэнсу ад прыняцця таблетак няма. Галоўны трэнер тлумачыць, што ні мытныя органы Францыі, ні Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) не маюць да яго каманды ніякіх прэтэнзій.
“Таму гэтая сітуацыя — злачынства, сфабрыкаванае пяццю сябрамі Міжнароднай федэрацыі каноэ. Гэтая пяцёрка ўзяла і пусціла пад адхон жыццёвы лёс спартсменаў і трэнераў. Як яны будуць жыць далей? І як далей будзе жыць гэтая пяцёрка? Іх жа за гэта праклянуць!” — не стрымлівае эмоцый Шантаровіч.
Газета Le Mond са спасылкай на “кампетэнтныя крыніцы” паведаміла, што падчас вобшуку ў беларускай зборнай былі знойдзеныя шпрыцы і кропельніцы. Хоць непасрэдна допінгу не знайшлі.
Дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Беларусі Дзяніс Мужухін тлумачыць Еўрарадыё, што толькі наяўнасць шпрыцаў не з’яўляецца парушэннем антыдопінгавых правілаў. Што тычыцца кропельніц, парушэнне фіксуецца толькі ў пэўных выпадках.
“Калі будзе даказана, што ўнутрывенныя ўліванні складаюць больш за 50 мілілітраў цягам менш як шасці гадзін”, — тлумачыць Мужухін.
Аднак пра парушэнні такога кшталту ў заяве з Міжнароднай федэрацыі каноэ нічога не сказана.
У Казахстана чатыры выпадкі спажывання стэроідаў, але на Алімпіяду зборная едзе
Апроч зборнай Беларусі, ад Алімпіяды адхілілі румынскіх канаістаў. Розніца ў тым, заяўляе генеральны сакратар НАКу Анатоль Котаў, што ў зборнай Румыніі 11 пацверджаных выпадкаў парушэнняў антыдопінгавых правілаў. У нас такіх даказаных выпадкаў на гэты момант няма.
У зборнай Казахстана — чатыры выпадкі за спажыванне цяжкіх анабалічных стэроідаў. Але казахстанцы на Алімпіяду едуць.
“Адкуль узялі такую санкцыю, як адхіленне ад спаборніцтваў цэлай каманды! — абураецца Котаў. — Ні ў антыдопінгавых правілах, ні ў статуце міжнароднай федэрацыі няма гаворкі пра магчымасць адхілення каманды. На гэтае пытанне мы атрымалі туманны каментарый, што гэтая мера ўспрымаецца як дадатковае ўздзеянне для барацьбы з допінгам. Таму мы і робім выснову, што ў Міжнароднай федэрацыі першапачаткова не было жадання правесці грунтоўнае расследаванне і разабрацца ў сітуацыі”.
Беларускія спартовыя чыноўнікі мелі суткі для таго, каб накіраваць іск у спартыўны арбітраж Лазаны. Яны перакананыя ў перамозе. Праблема ў тым, што на разгляд патрэбны час, якога да Алімпіяды амаль не засталося.