Настаўнік: З мяне збіраюць 300 тысяч за платныя гурткі і падпіску

Аляксей працуе па размеркаванні ў школе магілёўскага раёна. За верасень з маладога спецыяліста просяць 300 тысяч на гурткі і падпіску пры заробку ў 3 мільёны.

“Штомесяц з настаўнікаў збіраюць грошы на платныя паслугі, напрыклад, дадатковыя заняткі для вучняў. У іншых школах дзеці аплачваюць у банку і прыносяць квітанцыі. А ў нас адразу збіраюць з настаўнікаў 150 тысяч, а мы як заўгодна мусім адбіваць гэтыя грошы”, — тлумачыць Еўрарадыё Аляксей.

Яшчэ трэба заплаціць за “абавязковую” падпіску на выданні раз на тры месяцы.

“Там, “СБ. Беларусь сёння”, “Настаўніцкая”. Да гэтага мы трацім на праезд каля 30 тысяч на дзень і што тады застанецца ад заробку”, —пытае настаўнік англійскай мовы Аляксей.

“Гэта супярэчыць закону”, — рэагуюць на ініцыятыву па выкананні плана ва ўпраўленні адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.

“Наогул, калі ёсць такая сітуацыя, то яна супярэчыць закону. Але ёсць розныя сітуацыі. Сёння нельга сказаць, што галіна адукацыі фінансуецца пад патрэбы. Калі ёсць запатрабаванасць у настаўнікаў, то чаму не рабіць платныя паслугі. Але планаў, як такіх, няма”, — даводзяць ва ўпраўленні адукацыі.

І дадаюць, што калі у школе праводзяцца платныя гурткі, то заробленыя грошы ідуць, у тым ліку, і на заробак настаўніку.

У школе Маладзечна на платныя гурткі не збіраюць. Настаўнікі тут плацяць за… канцэрты.

“Гэта прафсаюзы працуюць. Калі праходзіць канцэрт, ты не хочаш ісці, але трэба набываць квіток, бо зараз твая чарга. Калі будзе іншы канцэрт, то набудзе нехта іншы”, — расказвае ўжо былая настаўніца Вольга.

Яна звольнілася са школы сёлета, адразу пасля двухгадовай адпрацоўкі.

Сярэдні заробак за ліпень гэтага года ў настаўнікаў — 4,7 мільёны, гэта без выплат на падпіску, платныя кружкі і канцэрты, падлічвае Белстат.

Фота: thewallpapers.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі