Навошта Лукашэнка сустракаўся з Бабарыкам у СІЗА КДБ? Тры версіі
Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў СІЗА КДБ і размова з палітвязнямі — безумоўна, найважнейшая палітычная падзея 10 кастрычніка. Але навошта гэта было зроблена? Які ў гэтым сэнс? Еўрарадыё бачыць тры варыянты, і яны ўсе вам не спадабаюцца.
Першы варыянт: актывізуецца падрыхтоўка да Канстытуцыйнай рэформы. Пэўная фонавая роля ў ёй можа быць адведзеная і апазіцыі. Каб усё выглядала больш прыстойна, цяпер ідзе адбор удзельнікаў "Усебеларускага сходу", праз які ўлады мяркуюць правесці змены ў Канстытуцыю, з боку пратыўнікаў Лукашэнкі.
Другі варыянт: Лукашэнка "робіць карцінку" для Еўропы. 9 кастрычніка кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей размаўляў з кіраўніком еўрапейскай дыпламатыі Жазэпам Барэлем. Між іншага, Барэль агучыў патрабаванне: вызваліць палітвязняў. І вось, беларускія ўлады яшчэ нікога не вызваляюць (і нават працягваюць затрымліваць), але ўжо нешта абмяркоўваюць з імі на самым высокім узроўні.
Трэці варыянт: усё зроблена для дзяржаўнай прапаганды. Візіта Лукашэнкі ў СІЗА КДБ не хавалі — наадварот, ён быў абстаўлены так, каб усе яго заўважылі. Неўзабаве па тэлевізары людзям могуць пачаць распавядаць, што палітвязні за гарантыі ўласнай бяспекі "злілі" пратэст і пратэстоўцаў. Меркавання другога боку мы, вядома, не пачуем.
Блізкі да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі тэлеграм-канал "Пул першага" так сфармуляваў мэту, з якой кіраўнік Беларусі прыязжаў у СІЗА КДБ: "Пачуць меркаванне ўсіх".
Размова доўжылася чатыры гадзіны. Мяркуючы па апублікаваным здымку, акрамя Лукашэнкі ў ёй удзельнічалі:
— Віктар Бабарыка;
— яго сын Эдуард (сядзіць спінай);
— адзін з каардынатараў яго штаба Юрый Васкрасенскі;
— колішні намстаршыні "Белгазпрамбанка" Сяргей Дабралёт;
— паліттэхнолаг Віталь Шкляраў (сядзіць спінай);
— сяброўка прэзідыума Каардынацыйнай рады Лілія Уласава;
— топ-менеджар PandaDoc Зміцер Рабцэвіч.
Таксама за сталом сядзіць адвакат Ілья Салей, але на здымку відаць толькі яго рукі. Затое імя можна прачытаць на таблічцы на стале.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.