Навукоўцы высветлілі, як насамрэч выглядаюць Нептун і Уран
Такім Нептун паказвалі ў мінулым (злева), але яго сапраўдны колер іншы (справа)
Навукоўцы высветлілі, як насамрэч выглядаюць Нептун і Уран. На фотаздымках касмічных місій 1980-х Нептун выглядаў цёмна-сінім, а Уран — зеленаватым. Цяпер жа група навукоўцаў пад кіраўніцтвам брытанскіх астраномаў высветліла, што гэтыя дзве планеты насамрэч амаль аднолькавага колеру. Абодва ледзяныя гіганты маюць зелянява-блакітнае адценне, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
Касмічны апарат Voyager 2 здымаў планеты адразу ў трох розных колерах. Затым на аснове гэтых здымкаў былі складзеныя каляровыя выявы, аднак колеры ў іх не заўсёды былі дакладна збалансаваныя. Кантраст таксама быў значна ўзмоцнены, каб вылучыць дэталі аблокаў, кольцаў і вятроў на планетах. У выпадку з Нептунам абедзве гэтыя працэдуры зрабілі планету больш сіняй, чым яна ёсць на самай справе.
Падчас новага даследавання навукоўцы скарысталіся здымкамі, якія былі зробленыя з дапамогай спектрографаў касмічнага тэлескопа "Хабл" і тэлескопа Еўрапейскай паўднёвай абсерваторыі. У іх кожны піксель мае поўны каляровай спектр, што дазволіла навукоўцам аднавіць сапраўднае аблічча абедзвюх планет.
Хоць навукоўцы прыйшлі да высновы, што планеты вельмі блізкія па колеры (яны абедзве зелянява-блакітныя), ёсць і характэрныя адрозненні. Так, у Нептуна прысутнічае дадатковае блакітнае адценне з-за таго, што пласт імгі над планетай танчэй, чым ва Урана. Той, у сваю чаргу, выглядае зеляней летам і зімой, калі адзін з яго палюсоў разгорнуты да Сонца, а вясной і восенню зноў набывае больш блакітнаватае адценне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.