Не болей за пяць назіральнікаў на ўчастку — мінскі чыноўнік аб рэферэндуме
Канстытуцыйны рэферэндум прызначаны на 27 лютага / Еўрарадыё
Падчас датэрміновага галасавання на ўчасткі пусцяць не больш за трох назіральнікаў, у асноўны дзень — максімум пяць. Аб гэтым заявіў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран падчас сустрэчы з работнікамі Мінскага ЖКГ, паведамляюць праваабаронцы.
Цуран патлумачыў, што "такая колькасць назіральнікаў і адсутнасць фіранак у кабінках для галасавання абумоўленыя эпідсітуацыяй".
Нагадаем, што раней Цэнтрвыбаркам распарадзіўся прыбраць фіранкі з кабінак для галасавання. Матываваў тым жа: "прафілактыкай рызык, звязаных з распаўсюджваннем каранавіруса".
Гэтую практыку чыноўнікі з ЦВК увялі яшчэ на выбарах 2020 года, калі дэмакратычныя сілы заклікалі фатаграфаваць бюлетэні. На гэтым рэферэндуме апазіцыя таксама раіць ставіць два крыжыка і фатаграфаваць бюлетэнь.
Варта таксама адзначыць, што ў гэтую кампанію ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі не трапіў ні адзін з апазіцыйных кандыдатаў.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка прызначыў рэферэндум на 27 лютага. Грамадзянам прапануюць выказацца з нагоды змен у канстытуцыю краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.