"Не праблема" — Петрышэнка пра выключэнне Беларусі з Балонскага працэсу

Удзел у Балонскім працэсе даваў беларускім студэнтам магчымасць вучыцца ў іншых краінах па абмене / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Удзел у Балонскім працэсе даваў беларускім студэнтам магчымасць вучыцца ў іншых краінах па абмене / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Ігар Петрышэнка не бачыць праблемы ў выключэнні Беларусі з Балонскага працэсу. Пра гэта ён заявіў на пасяджэнні парламента.

"Не думаю, што з гэтага варта рабіць праблему. Хачу адзначыць, што мы першапачаткова вельмі абачліва і ўзважана падыходзілі да ўдзелу нашай краіны ў гэтай арганізацыі і пакідалі прыярытэт за нацыянальнымі інтарэсамі", — цытуе Петрышэнку БЕЛТА.

Паводле яго слоў, інтэграцыя ў міжнародную адукацыйную прастору будзе працягнутая, але цяпер Беларусь будзе развіваць сувязі "з сістэмамі адукацыі дружалюбных нам краінаў".

Нагадаем, у пачатку чэрвеня Балонская група прыняла рашэнне выключыць Беларусь і Расію з працэсу. Балонскі працэс прадугледжвае структурную рэформу вышэйшай адукацыі на еўрапейскім кантыненце. Беларусь далучылася да ініцыятывы ў 2015 годзе. Удзел у Балонскім працэсе даваў беларускім студэнтам і выпускнікам шэраг кампенсацый (акадэмічныя абмены, прызнанне дыпломаў за мяжой). Ад беларускіх ВНУ пры гэтым патрабавалі выконваць стандарты, у тым ліку па забеспячэнні акадэмічных свабодаў.  Гэтыя стандарты выконваліся вельмі выбарачна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі