Не пусціла сына ў школу да ворагаў. Гісторыя шматдзетнай Таццяны з-пад Херсона
Дзеці абедаюць за сталом / Дзмітрый Дземішаў / ДФ "Галасы дзяцей"
Чэрвень 2022 года. Таццяна вагаецца: ехаць у суседні Херсон праз варожыя блокпасты страшна. Але, відаць, іншага выйсця няма. Запасы ежы і сродкаў гігіены вычарпаныя. Кошты ў крамах выраслі ў два-тры разы. Браць дапамогу ў расіян Таццяна не хоча ні пры якіх умовах, хоць у яе трое маленькіх дзяцей.
Знаёмыя, якія з розных прычын дапамогу ў ворага бяруць, прадракаюць: са сваім патрыятызмам Таццяна ў акупаваным пасёлку доўга не працягне. Жанчына адказвае: пабачым.
Hromadske разам з дабрачынным фондам "Галасы дзяцей" расказвае гісторыю шматдзетнай маці з Херсона, якая падпольна вучыла сваё дзіця ва ўкраінскай школе падчас акупацыі.
Першы ператрус
Расіяне з'явіліся ў Белазёрцы (пгт размешчаны за 13 кіламетраў ад Чарнабаеўкі) летась у пачатку сакавіка. Хадзілі з ператрусамі па дамах, дапытвалі мужчын, шукалі тых, хто быў у АТА і ТрА. Дом Таццяны не абышлі бокам.
"Адзін зайшоў у сярэдзіну, але яму насустрач з пакоя выйшла наша малодшая дачка (ёй толькі споўніўся год), то ён спытаў толькі, ці ўсе гэта пакоі. У адрозненне ад суседзяў, з шафаў у нас нічога не вытрасалі", — расказвае жанчына.
Мужа Таццяны прымусілі распрануцца па пояс. "Чаму не служыць? Дзе ваенны білет? Хай пакажа, бо будзе горш".
"На дарозе за брамай стаялі іншыя расійскія салдаты, БТР, "Урал" і бусік, — успамінае Таццяна. — Хто з мясцовых не спадабаўся — адразу вывозілі. Я бачыла, як мужчыну з нашай вуліцы накінулі мяшок на галаву і забралі. Майго пакінулі, але сказалі найбліжэйшыя дзесяць дзён з дому не выходзіць".
Неўзабаве міма праехала яшчэ адна машына са звязанымі людзьмі. Ляжалі нерухома. У кожнага — мяшок на галаве. Ці жывыя цяпер гэтыя людзі? Таццяна не ведае.
"У Белазёрцы дагэтуль ёсць тыя, каго лічаць зніклымі без вестак", — кажа яна.
"Я ў сваім доме, на сваёй зямлі"
Праблемы з прадуктамі пачаліся амаль адразу. Крупы заканчваліся, самая танная макарона, калі нарэшце з'явілася ў краме, каштавала прыкладна сто грыўняў за кілаграм. Таццяне дапамагалі бацькі, але гэтага было недастаткова. Між тым у цэнтры Белазёркі стаялі чэргі па расійскую гуманітарную дапамогу. Потым яе пачалі выдаваць толькі па дакументах.
"Быў момант, калі мы з мужам пасварыліся, — успамінае Таццяна. — Ён казаў: вазьмі, трэба неяк жыць. А я: хочаш узяць — дык ідзі сам. Спрачаліся аж да таго, што будзем разводзіцца. Але ўсё ж не пайшлі на гэта".
Жанчына пачала шукаць валанцёраў у Херсоне. У той жа час Ірына Мезенцава, каардынатарка валанцёрскага руху "Херсон+", шукала шматдзетныя сем'і, якія маюць патрэбу ў дапамозе. "Мы якраз расфасавалі першыя пяцьдзясят прадуктовых набораў: крупы, макарону. Пайшлі першыя данаты", — успамінае дзяўчына.
"Я доўга наважвалася ехаць у Херсон па прадукты, — прызнаецца Таццяна. — Баялася. Тады маршруткі ў Херсон спынялі: мужчын выводзілі, у жанчын правяралі дакументы. Ехаць мушу я, бо мужа пасля таго, як яго хацелі расстраляць, я адпускаць баялася. Нават калі ён ездзіў да бацькоў на іншы канец пасёлка, яго кожны раз пераследвалі. То па колах стралялі, то даставалі гранату, якая цудам не выбухнула. Не адзін такі выпадак быў".
Зрэшты, і першая, і наступныя паездкі Таццяны ў Херсон былі паспяховымі. А калі ў херсонскіх валанцёраў з'явілася больш магчымасцяў дапамагаць (наладзілася супрацоўніцтва з прадпрымальнікамі і ДФ "Галасы дзяцей"), яны пачалі самі развозіць прадукты па вёсках.
"Гэта ўсё яшчэ не было расфасаванае, пад мяхамі з макаронай і крупамі мы хавалі кансервы і пернікі, каб іх не забралі, — расказвае валанцёрка Ірына Мезенцава. — А ўжо ў вёсках жанчыны фасавалі гэта ўсё на сваіх кухнях і ў гаражах. Тады адносілі людзям. Рызыкавалі? Безумоўна. Калі расіяне рыхтавалі рэферэндум, многія адмаўляліся прымаць нашу дапамогу. Але не Таццяна".
"Чаго баяцца? Я ў сваім доме, на сваёй зямлі", — казала яна.
Яе рукі разам з іншымі жвава фасавалі дапамогу — гадзіну, дзве, тры, чатыры. На маленькай кухні расла гара пакетаў для паўсотні сем'яў з Белазёркі. У паўсотні метраў, у суседнім доме, жылі ворагі. Што здарылася б, калі б каму-небудзь з іх прыйшло ў галаву зазірнуць да Таццяны на кухню?
"Валанцёры, якія нам дапамагалі, таксама рызыкавалі жыццём. Я ведаю, як гэта — калі няма чаго даць дзецям есці, таму хацела дапамагчы тым, хто ў гэтым меў патрэбу. Мы глядзелі: калі расіяне некуды краналіся, тады накрывалі прадукты коўдрамі і развозілі пенсіянерам, людзям з інваліднасцю і сем'ям з дзецьмі".
"Мама, у нас дзядзя страляў"
Кожны вечар перад сном дзеці Таццяны прагаворвалі адны і тыя ж словы: "Божа, захавай нас". Калі Чарнабаеўка раз-пораз грымела ад выбухаў і ўсё разляталася па баках, дзіцячы плач не сціхаў гадзінамі. "Я паўтарала, што гэта нашы працуюць, нашы вызваляюць. Пакуль гэта не пачало дапамагаць".
На вуліцу дзяцей Таццяна спрабавала не выпускаць. Гулялі ў двары, як толькі бачылі расіян — хаваліся. Тыя нават спыняліся і пыталіся, чаму: "Мы ж вас не крыўдзім".
А потым чатырохгадовая дачка прыйшла дадому са словамі: "Мама, у нас дзядзя страляў". Пакуль Таццяна ездзіла ў горад па дапамогу, муж пайшоў з дзецьмі на рыбалку, і па дарозе да іх прычапіўся п'яны расійскі вайсковец.
Падняў аўтамат.
Куля прадзіравіла бетонную пліту.
Альбо дзіця ідзе ў школу, альбо яго забяруць
"Не будзеце вадзіць дзіця ў школу — больш яго не ўбачыце, пазбавім вас бацькоўскіх правоў", — Таццяна пераказвала маме словы расійскіх вайскоўцаў, плачучы ў слухаўку. Яе маці ўжо была на падкантрольнай Украіне тэрыторыі. "Я да апошняга не хацела аддаваць сына ў школу, але вельмі баялася, што яго ў мяне забяруць", — успамінае жанчына.
З пачаткам акупацыі ўсе тры школы ў Белазёрцы перайшлі на дыстанцыйнае навучанне. Расіянам гэта не спадабалася: "Яны забаранялі займацца анлайн, прыходзілі з праверкамі да настаўнікаў, забіралі ноўтбукі, ціснулі: альбо працуйце з намі, альбо з'язджайце", — расказвае Таццяна.
Урэшце з трох школ восенню 2022 года ў акупацыі запрацавала адна: там выкладалі прывезеныя расійскія настаўнікі і тыя з мясцовых, хто пагадзіўся на супрацоўніцтва. Тыя, што хадзілі ў школу, расказвалі Таццяне, што ў адным класе маглі вучыцца дзеці ўсіх узростаў. Падручнікі — расійскія, пра нешта ўкраінскае — ні слова. Побач са школай, у гаражах, успамінае Таццяна, расіяне трымалі боекамплекты, а вакол было шмат салдат і "Уралаў". "Не ведаю, як бацькі не баяліся. Акупанты ў любы момант маглі вывезці гэтых дзяцей".
Свайго сына Таццяна ў акупаваную школу так і не пусціла. Хлопчык падпольна вучыўся анлайн. Падручнікі сям'я захоўвала на гугл-дыску, настаўнік дасылаў заданні: іх трэба было як мага хутчэй перапісаць і адразу выдаліць паведамленне. Таксама выдаляліся і фота выкананых задач. Рабочыя сшыткі сям'я хавала сярод чыстых. Калі знікла сувязь, хадзілі ў бальніцу, дзе працаваў Wi-Fi. Там Таццяна прадбачліва прыкрывала тэлефон рукой. Кожны выпадковы погляд выклікаў непакой. Нават тых, хто нібыта быў за Украіну.
"Людзі прадаваліся"
Пасля чарговай ратацыі ў дом Таццяны прыходзілі новыя расійскія салдаты, але кожны раз пыталіся тое ж самае: "На што вы жывяце? Чаму не хадзіце па дапамогу? Мы ж да вас з мірам. А вы?"
"Спачатку мясцовыя былі супраць расіян. Але тое, што мы не бяром дапамогу, здаў нехта з суседзяў, — расказвае жанчына. — Людзі, ад якіх такога не чакаеш, прадаваліся. Былі тыя, хто за грошы перадаваў інфармацыю, з якіх дамоў з'ехалі суседзі, і гэтыя дамы абчышчалі. Нехта ў кавярні з расіянамі хадзіў, нехта за руку вітаўся — для мяне гэта таксама кантакт, хоць і не ведаю, пра што там былі размовы. Таму мы абарвалі амаль усе сувязі".
Таццяна назірала, як павялічваецца колькасць людзей з расійскімі пашпартамі і сім-картамі. Узрастала колькасць і тых, хто атрымлівае расійскія выплаты і дапамогі. Жанчына слухала, як яны апраўдваюцца пра "справядлівую кампенсацыю за разбуранае жыццё і ўменне выжываць у новай рэальнасці".
Сама ж верыла, што УСУ іх вызваляць. І калі пасля дзевяці месяцаў акупацыі гэта адбылося, магла толькі плакаць і крычаць на ўвесь двор: "Слава Украіне!"
Аўтар: Надзея Швадчак
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.