"Правільныя" падручнікі: як прапаганда становіцца важнейшай за адукацыю

Ілюстрацыя да тэксту Coda
Ілюстрацыя да тэксту Coda

З новага навучальнага года ў беларускіх школах асаблівая ўвага аддаецца патрыятызму. Гэтаму пачуццю вучаць не толькі на класных гадзінах і ўроках гісторыі, але і на спецыяльных "добраахвотных" гуртках, якія дзеці абавязаны наведваць нібыта па заяве бацькоў. Настаўнікі канстатуюць, што цяпер галоўная мэта школы — не даць веды па прадметах, а выхаваць патрыётаў. 

Старт "ўзмоцненаму" патрыятызму даў Аляксандр Лукашэнка, правёўшы анлайн "урок гісторыі" (насамрэч — палітінфармацыі) для вучняў старэйшых класаў і студэнтаў ВНУ. 

Але высвятляецца, Беларусь — не адзіная ў свеце краіна, дзе ўлады мяняюць навучальныя праграмы, каб не займацца адукацыяй, а прасоўваць ідэалогію. Выданне Coda расказвае, як гэта выглядае ў ЗША, Індыі, Сербіі і яшчэ трох краінах.

ЗША

Стандарты і змест навучальных праграм — прадмет напружаных дэбатаў у ЗША на працягу дзесяцігоддзяў. Стандарты адукацыі вар'іруюцца ад штата да штата і нават на ўзроўні розных школьных акруг.

Часта гэтыя дэбаты носяць менавіта адукацыйны характар, але ў часы грамадскіх перамен ці ўзрушэнняў школьная праграма адлюстроўвае раскол у грамадстве, яго палітыку і культуру.

У ліпені ў Фларыдзе набыў моц законапраект "Не гавары гей", які абмяжоўвае магчымасці настаўнікаў гаварыць у класе пра гендар і сексуальную арыентацыю аж да 12-га класа. Акрамя таго, напярэдадні новага навучальнага года набыў моц закон "Stop WOKE Act", які блакуе размовы пра расу, што лічацца "крытычнай расавай тэорыяй". Сам закон суд Фларыды прызнаў неканстытуцыйным. Бэкі Прынгл, прэзідэнтка Нацыянальнай асацыяцыі адукацыі, заявіла, што "гэты глыбока трывожны закон накіраваны на цэнзуру педагогаў і пазбаўленне іх магчымасці шанаваць і падтрымліваць нашых вучняў" і што "палітыкі ствараюць ілжывыя ўяўленні пра маладых людзей, а потым прапануюць неканстытуцыйныя, дыскрымінацыйныя і проста шкодныя "рашэнні" праблем, якіх не існуе".

У пачатку гэтага года ў Фларыдзе было адклікана некалькі тысяч падручнікаў па матэматыцы. Не праз матэматычныя памылкі, а таму што яны былі адзначаны як тыя, што змяшчаюць матэрыял, які можна лічыць "крытычнай расавай тэорыяй". Кнігі былі вернуты выдаўцу для ліквідацыі зместу, які супярэчыць абмежавальнаму заканадаўству.

У некаторых акругах Фларыды бацькі атрымалі больш магчымасцяў для аспрэчвання матэрыялаў, якія яны лічаць непрыдатнымі для сваіх дзяцей, што дае магчымасць дадатковай і адвольнай цэнзуры адукацыйнага кантэнту. Кнігі ў акругах Фларыды падпадаюць пад цэнзуру ў бібліятэках і цяпер забяспечаныя папераджальнымі надпісамі пра змест ЛГБТК. Гісторыі, у якіх фігуруюць цемнаскурыя, адзначаюцца як "непрыдатныя для навучэнцаў".

Заканадаўчая актыўнасць Фларыды паслужыла каталізатарам для кансерватыўных заканадаўцаў у Тэхасе, Тэнесі, Джорджыі і іншых штатах, якія таксама спрабуюць забараніць выкладанне "раскольніцкіх" тэм. Адказ на меркаваную "культурную індактрынацыю", як сцвярджаюць заканадаўцы, заключаецца ў яшчэ большай індактрынацыі.

"Правільныя" падручнікі: як прапаганда становіцца важнейшай за адукацыю

Венгрыя

На фоне крызісу, выкліканага пандэміяй каранавіруса, у верасні 2020 года ўрад Венгрыі выпусціў новую вучэбную праграму, абавязаўшы школы прытрымлівацца новых цэнтралізаваных рэкамендацый па выкладанні. Найбольшыя змены былі ўнесены ў выкладанне літаратуры і гісторыі. Яны адбыліся ў той момант, калі кіраўнічая партыя "Фідэс" пачала рэабілітаваць венгерскіх нацыяналістычных дзеячаў з антысеміцкім мінулым.

Праз гэтыя змены ў праграму абавязковага чытання па літаратуры ўвайшлі творы венгерскіх пісьменнікаў, такіх як Ёжэф Ньіра і Альберт Вас. Акрамя сваіх апавяданняў і раманаў, Ньіра быў вядомы як прыхільнік Ёзэфа Гебельса. У 1940 годзе пісьменнік увайшоў у парламент як сябра ўльтраправай, антысеміцкай партыі.

Вас, раманіст і паэт, чые творы былі забароненыя да падзення камунізму ў 1989 годзе, быў і зусім асуджаны як ваенны злачынец. У апошнія гады ў гонар абодвух мужчын былі ўсталяваны статуі і названы вуліцы.

У венгерскіх падручніках гісторыі сярэднявечным войнам цяпер аддаецца больш увагі, а крытыкі новых навучальных праграм кажуць, што міфы і легенды выдаюцца за факты і гісторыю. Больш увагі аддаецца перамогам, здабытым у X-XIV стагоддзях, і ідэі пра тое, што венгры ёсць нашчадкамі цюркамоўных, а не фіна-вугорскіх народаў. Новыя змены таксама пераасэнсоўваюць устоянае ўяўленне пра старажытнае мінулае Венгрыі, якое выкладалася пры камунізме.

Пасля ўсіх змяненняў пратэстоўцы ў сацыяльных сетках выкарыстоўвалі лозунг #noNAT, каб выступіць супраць уключэння ў праграму пісьменнікаў з фашысцкімі поглядамі, а некаторыя настаўнікі аб'ядналіся, каб выказаць сваю нязгоду з неабходнасцю пераглядаць іх метады выкладання.

"Правільныя" падручнікі: як прапаганда становіцца важнейшай за адукацыю

Індыя

Вучні індыйскіх школ атрымліваюць новыя, скарочаныя падручнікі па гісторыі, паліталогіі і сацыялогіі. Праз пандэмію індыйскія школьнікі, як і многія іншыя дзеці ва ўсім свеце, адсталі ў вучобе. Таму ўрад змяняе падручнікі, каб аптымізаваць навучальны план і знізіць нагрузку.

Як высветліла адна з нацыянальных газет, "скарачэнні" ўключаюць выдаленне з падручнікаў раздзелаў пра беспарадкі ў Гуджараце ў 2002 годзе, калі за тры дні гвалту былі забітыя амаль 1000 мусульман, а яшчэ дзясяткі тысяч пераселеныя. Улады штата, якія ўзначальваў у той час цяперашні прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі, тады проста стаялі ўбаку.

"Абраны падыход адпавядае тэорыям Хіндутвы", — так высакамоўна пра прапанаваныя змены напісала выданню Раміла Тхапар, ганаровы дзевяностагадовы прафесар і, магчыма, галоўны ў свеце эксперт па старажытнай Індыі. Змены, пра якія казала Тхапар, уключаюць змяненне фармулёвак або поўнае выдаленне раздзелаў, якія датычацца гісторыі Вялікіх Маголаў, каставай дыскрымінацыі і нават перыядаў аўтарытарнага кіравання ў Індыі, як, напрыклад, 21-месячнае надзвычайнае становішча, абвешчанае Індзірай Гандзі ў 1970-х гадах.

Калі ў Індыі мяняюцца ўрады, нярэдка мяняюцца і падручнікі. З таго часу, як восем гадоў таму да ўлады прыйшоў Нарэндра Модзі, змены ў падручніках, як сцвярджаюць у адкрытым лісце дзясяткі індыйскіх інтэлектуалаў, перш за ўсё адлюстроўваюць светапогляд індусаў.

Модзі ўзначальвае БДП, палітычную партыю, якая прасоўвае ідэю індуісцкай Індыі, а не свецкай краіны, якой Індыя стала ў 1947 годзе. З кіраўнічай партыяй звязаны мноства культурных і палітычных арганізацый, вядомых пад агульнай назвай Сангх Парывар.

Як сказала Тхапар у сваім лісце, "паколькі палітычнай мэтай Сангх Парывар ёсць стварэнне індуісцкай раштры (нацыі), то спроба будзе заключацца ў тым, каб выкарыстоўваць гісторыю для падтрымкі гэтых палітычных змен". Гісторыю, якая абавязкова павінна пазбягаць складанасцяў Індыі, яе шматлікіх далікатных момантаў, кожны з якіх перацякае адзін у адзін.

У чэрвені гісторык С. Ірфан Хабіб сказаў, што Індыя заўсёды была свайго роду палімпсестам — раней выкарыстаным пергаментам, на які наносіліся ўсё новыя і новыя "рукапісы". Нацыяналістычная БДП, відаць, хоча перакрэсліць і затушаваць шматвяковы тэкст перманентным маркерам.

"Правільныя" падручнікі: як прапаганда становіцца важнейшай за адукацыю

Егіпет

Праўда ў Егіпце ўжо даўно знаходзіцца пад ударам. Падман і маніпуляцыі былі часткай егіпецкай палітыкі задоўга да таго, як цяперашні прэзідэнт Абдэль Фатах эль-Сісі арганізаваў дзяржаўны пераварот і захапіў уладу восем гадоў таму.

Пасля "арабскай вясны" ў 2011 годзе народ Егіпта спадзяваўся пазбавіцца ад аўтакратыі, але эль-Сісі пачаў эпоху кіравання сілавікоў, не пакінуўшы магчымасці для дэмакратычнага рэжыму ў Егіпце.

Кіруючыся сваёй палітыкай, эль-Сісі пачаў мяняць і адукацыю — цяпер "арабскай вясне" прысвечана толькі некалькі зносак у змененых падручніках. Здаецца, егіпецкія школьнікі больш не будуць ведаць, што каірская плошча Тахрыр была легендарным цэнтрам пратэстаў, якія пракаціліся па ўсёй Паўночнай Афрыцы і арабскім свеце.

Калісьці ў падручніках егіпецкіх школ быў цэлы раздзел, прысвечаны падзеям "арабскай вясны". Пры эль-Сісі гэты раздзел ператварыўся ў параграф, які наўмысна ўводзіць у зман.

У вучэбнай праграме "Сучасная гісторыя Егіпта і арабскіх краін", якую вывучаюць навучэнцы сярэдніх школ, "арабская вясна" значна недаацэньваецца. Гэта была народная рэвалюцыя, выліванне гневу на дзесяцігоддзі аўтарытарнага кіравання, пры якім квітнела карупцыя, а іншадумства жорстка душылася.

У гэтых падручніках няма згадкі пра амаль 1000 пратэстоўцаў, якія загінулі ў 2011 годзе ў выніку жорсткасці паліцыі.

Анвар, якому цяпер 31 год, вельмі добра памятае падзеі 2011 года. "Гэта быў першы раз, калі людзі адчувалі сваю сілу," — сказаў ён аўтару гэтага тэкста. "А Сісі хоча, каб яны забыліся гэтае пачуццё".

Па словах Анвара, "арабская вясна" паказала, што рэвалюцыя магчымая. "У часы Мубарака, — кажа ён, маючы на ўвазе 30 гадоў, праведзеных Егіптам пад уладай Хосні Мубарака, кульмінацыяй якіх сталі падзеі 2011 года, — калі людзі гаварылі пра пратэсты, гэта не разглядалася як пагроза ўраду. Паспяховых паўстанняў простых людзей да гэтага не было". Аднак цяпер, дадае ён, "урад ведае, што народ здольны дамагчыся поспеху, і баіцца, што гэта можа адбыцца зноў".

"Правільныя" падручнікі: як прапаганда становіцца важнейшай за адукацыю

Сербія

У ліпені 1995 года сербскія ваенізаваныя фармаванні і баснійскія сербы з Войска Рэспублікі Сербскай увайшлі ў горад Срэбраніца і расправіліся з тысячамі баснійскіх мусульман. Гэтая падзея стала кульмінацыяй крывавай вайны, якая раскалола былую Югаславію.

У 2004 годзе Міжнародны крымінальны трыбунал па былой Югаславіі (МТБЮ) пастанавіў, што тое, што адбылося ў Срэбраніцы, кваліфікуецца як генацыд. Нягледзячы на гэта, у падручніках Сербіі хоць і прызнаецца сам факт ваенных злачынстваў, але прымяншаецца колькасць загінулых і не выкарыстоўваецца тэрмін "генацыд".

Па словах Марка Міласаўлевіча, каардынатара праграм моладзевай ініцыятывы па правах чалавека, "у Срэбраніцы да гэтага часу праводзіцца вялікая палітыка адмаўлення генацыду". Ён сказаў, што шмат гадоў таму "ўлады казалі, што Срэбраніцы наогул не было. Цяпер, у апошняе дзесяцігоддзе, яны не кажуць "нічога не было", яны проста адмаўляюць наступствы генацыду".

У 2017 годзе Міларад Додзік, які ў той час быў прэзідэнтам Рэспублікі Сербскай, заявіў, што ніводзін падручнік не павінен расказваць школьнікам пра генацыд у Срэбраніцы і аблогу Сараева. У падручніках Срэбраніца згадваецца толькі мімаходзь і як месца, якое заваявалі баснійскія сербы. Ахвярамі этнічнай чысткі ў іх згаданыя толькі сербы, але не харваты і мусульмане.

У сербскіх падручніках таксама не згадваецца роля дзяржавы ў здзяйсненні ваенных злачынстваў супраць касавараў у 1990-х гадах. Додзік, у цяперашні час сербскі сябра Прэзідыума Босніі і Герцагавіны (гэты орган служыць калектыўным кіраўніком дзяржавы), неаднаразова заклікаў да аддзялення Рэспублікі Сербскай ад астатняй часткі краіны.

Ва ўмовах росту напружанасці ў рэгіёне, часткова выкліканага ўварваннем Расіі ва Украіну, і ва ўмовах, калі новае пакаленне этнічных сербаў у Сербіі і Рэспубліцы Сербскай практычна нічога не ведае пра ваенныя злачынствы, учыненыя супраць мусульман і касавараў у 1990-х гадах, існуе пастаянная небяспека паўтарэння гісторыі.

"Правільныя" падручнікі: як прапаганда становіцца важнейшай за адукацыю

Расія

Змяненне падручнікаў і стандартаў выкладання ў Расіі пачалося задоўга да вайны ва Украіне. Яшчэ ў 2013 годзе Уладзімір Пуцін прапанаваў стварыць адзіны падручнік гісторыі, пазбаўлены "ўнутраных супярэчнасцяў і двайных тлумачэнняў".

Да 2014 года, пасля пачатку першай фазы вайны ва Украіне, у Расіі пачалі выдаваць новыя падручнікі па грамадазнаўстве — прадмеце, які павінен знаёміць дзяцей з ладам і разнастайнасцю палітычных сістэм. У новых выданнях апазіцыю сталі вінаваціць у расколе грамадства, а ў задачах грамадазнаўства як школьнага прадмета было прапісана выхаванне агульнарасійскай ідэнтычнасці і патрыятызму. Цяпер у некаторых сучасных падручніках па прадмеце змяшчаецца "правільная" ацэнка падзей, якія адбываюцца, напрыклад, анексіі Крыма ў 2014 годзе:

"Курс, які адпавядае інтарэсам краіны, кваліфікуецца як маральная палітыка, а які супярэчыць ім, — як амаральная. Напрыклад, уз'яднанне Крыма з Расіяй у выніку волевыяўлення грамадзян паўвострава ў ходзе рэферэндуму і падтрымка гэтага рашэння Расійскай Федэрацыяй з пункту гледжання абароны нацыянальных інтарэсаў ёсць праява маральнасці айчыннай палітыкі".

Вядомыя таксама выпадкі, калі выкладчыкі грамадазнаўства на ўроках выказваюць ацэначныя меркаванні, напрыклад, пра палітычную кар'еру Аляксея Навальнага.

Так было не заўсёды. У 1990-я гады, калі прафесар Леанід Багалюбаў напісаў першы расійскі падручнік па грамадазнаўстве, у дапаможніках змяшчаліся крытычныя заўвагі пра палітычную сістэму Расіі і пазбаўленая прапаганды інфармацыя пра дэмакратыю, ЗША і сродкі масавай інфармацыі.

Навучальны працэс змяніўся ў патрэбны бок і з пункту гледжання бізнесу. Цяпер галоўным манапалістам на рынку адукацыйных выданняў стала "Просвещение", якое звязваюць з Аркадзем Ратэнбергам, расійскім алігархам і сябрам дзяцінства Уладзіміра Пуціна.

У жніўні 2022 года сакратар генсавета партыі "Адзіная Расія" Андрэй Турчак заявіў, што ў Расіі выпусцяць "правільны падручнік гісторыі", у якім будуць раздзелы пра "спецыяльную ваенную аперацыю" ва Украіне. Раней міністр асветы Расіі Сяргей Краўцоў таксама казаў, што папярэднія выданні падручнікаў па гісторыі дапоўняць раздзеламі пра "падзеі, якія звязаны са спецаперацыяй".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі