Недзяржаўную газету "Ганцавіцкі час" адмовіліся друкаваць
Недзяржаўную газету "Ганцавіцкі час" адмовіліся друкаваць. Брэсцкая друкарня паведаміла ў рэдакцыю па электроннай пошце, што дамова на паліграфічныя паслугі працягвацца не будзе. Яна заканчваецца ў канцы 2021 года.
Рэдакцыя газеты падкрэслівае, што "кожны тыдзень спраўна па прадаплаце аплачвала паслугі", таму прэтэнзій быць не магло. Намеснік дырэктара Брэсцкай друкарні Ірына Іванісік заявіла, што ў іх "змяняецца загрузка". "Ганцавіцкі час" яшчэ паспрабуе накіраваць запыты ў іншыя друкарні, але ўжо рыхтуе чытачоў да таго, што ў 2022-м будзе "спрабаваць працаваць праз электронную версію газеты".
"Ганцавіцкі час" — рэгіянальнае выданне, якое існуе два дзесяцігоддзі. У ліпені 2021-га ў рэдакцыі прайшоў ператрус. Ператрусы былі і раней, і пазней. Сілавікамі была забраная тэхніка. Яе вярнулі толькі ў канцы лістапада.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.