"Некалькі шчытоў мы ў "Беркута" забралі. Потым вярнулі, навошта яны нам"

“Пачалося ўсё з таго, што міліцыянты зламалі частку барыкады. Байцы “Беркута” пралезлі праз пралом і пачалі цясніць людзей шчытамі. Нас першапачаткова было каля дзесяці шыхтаў. Мы выстраіліся ў шыхты і першы націск змаглі адбіць”, — расказвае Іван, які ўсю ноч, па яго словах, “штурхаўся” са спецназам.

Іван прыехаў у Кіеў са Хмяльніччыны. Ноч з 10 на 11 снежня была для яго апошняй на Майдане — трэба вяртацца дадому. Гаворыць, што наступ “Беркута” быў нечаканым — у горадзе шмат еўрапейскіх і амерыканскіх дыпламатаў, сама Высокі прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Кэтрын Эштан. Але а першай уначы з боку вуліцы Інстытуцкай на Майдан рушыла калона спецназаўцаў. Іван гаворыць, што паводзілі яны сябе збольшага карэктна, дубінкі не выкарыстоўвалі.

“Агрэсіі не было, у прынцыпе. Ну… Некалькі шчытоў мы забралі ў іх. Потым вырашылі, што нам гэтыя шчыты не патрэбныя, і вярнулі іх назад “Беркуту”.

Але без пацярпелых не абыйшлося. Двум дэпутатам ад апазіцыі, якія спрабавалі спыніць наступ міліцыянтаў, моцна пабілі галовы. Яшчэ некалькі хлопцаў пацярпелі ў цісканіне. Праз чатыры гадзіны штурханіны міліцыянты змаглі часткова заняць Майдан і знішчыць некалькі намётаў з харчаваннем і палявымі кухнямі. У адказ дэманстранты папрабівалі колы ў “КамАЗа”, на якім камунальнікі вывозілі захоплены маёнтак з Майдана. “Стаіць зараз у нас гэты "КамАЗ", як помнік”, — жартуе Іван. У выніку міліцыянтам удалося толькі разабраць дзве барыкады ды вывезці з Майдана частку правіянта. На досвітку яны сышлі з плошчы праз рэзкае павелічэнне колькасці рэвалюцыянераў — іх там сабралася некалькі дзясяткаў тысяч.

Усяго праз некалькі гадзінаў мітынгоўцы святкуюць яшчэ адну перамогу — няўдалы штурм “Беркутам” будынка гарадской адміністрацыі, захопленай дэманстрантамі. Замест штурму міліцыянты павінны былі самі ўцякаць з Хрышчаціка, мітынгоўцы нават падпалілі адзін з аўтобусаў, а з вокнаў будынка іх пастаянна палівалі ледзяной вадой.

Кіеўлянка Вікторыя пра спробу разгону Майдана даведалася толькі а 8-й раніцы, калі прачнулася. Адразу паехала ў цэнтр горада. Гаворыць, што таксісты на Майдан усю ноч і раніцу вазілі людзей бясплатна. Зараз на Майдане Незалежнасці пануе амаль эйфарыя.

“Насамрэч ніякага страху няма. Хутчэй, людзі ўспрымаюць усё як сваю невялікую перамогу. Удалося не пусціць “Беркут” у мэрыю, не дапусціць штурму. Гэта такі невялікі крок наперад, ён узняў людзям настрой”.

Зараз у Кіеў людзі едуць з усёй Украіны, барыкады адноўленыя, а прадуктаў прывезлі больш, чым было да начных падзей. “Дэманстрацыя сілы”, як ужо паспелі назваць спробу зачысткі Майдана эксперты, хутчэй, натхніла рэвалюцыянераў, чым напалохала.

Глядзіце таксама Як штурмавалі Майдан і адміністрацыю Кіева. ФОТАРЭПАРТАЖ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі