Neuro Dubel “До..уя советчиков”
121130_agljadacha.mp3
Як і абяцалі музыкі, у параўнанні з папярэднімі рэлізамі, дыск атрымаўся сапраўды вельмі лёгкім, меладычным ды стылістычна разнастайным. Нават неяк нязвыкла, але, па-шчырасці, такога альбома ад ND вельмі хацелася. Самая цяжкая песня альбома — “Козла”, Аляксандр Кулінковіч назваў яе своеасаблівым перайманнем Exploited і з гэта складана не заўважыць.
“До..уя советчиков” вяртае нас да старых “Дзюбеляў”, яшчэ ў мінулым складзе, і з гэтай нагоды на дыску вельмі не хапае клавішаў Макса Івашына. Нават пісаўся альбом так жа хутка, як і першыя. Па прызнанні бубнача гурта Андрэя Сцепанюка, свае партыі ён прапісаў хіба не за гадзіну студыйнага часу. Дарэчы, такая тэрміновасць дадала альбому своеасаблівай бруднаватасці ды адначасова празрыстасці ў гучанні, што таксама нагадвае стары і добры Neuro Dubel.
Асобна варта адзначыць шчырасць традыцыйнага альбомнага кавера. Гэтым разам “пад раздачу” патрапіла песня “Куба любовь моя”, якая была напісаная ў 1962 годзе адмыслова да першага візіту ў Маскву Фідэля Кастра і выконвалася Муслімам Магамаевым ды Іосіфам Кабзонам. Праўда, нельга сказаць што музыкі яе моцна перапрацавалі, яны проста дадалі класічнай для сваіх кавераў цяжкасці. Варта адзначыць, што Neuro Dubel ужо могуць не хвалявацца за сваю фінансавую будучыню. Калі раптам што, перакваліфікуюцца ў кавер-бэнд, і будуць граць па кабаках — гадзінная праграма ў іх ужо напрацаваная!)
На дыскі гурта паступова сталі вяртацца “вершы пра дзядзю Сашу”, якія сталі заўважна больш з’едлівымі. Дарэмна Кулінковіч не чытаў іх на прэзентацыі альбома, бо яны дадаюць жывасці праграме, так бы мовіць, афарбоўваюць яе. Да таго ж, калі фронтмэн Neuro Dubel чытае гэтыя вершы са сцэны, яны гучаць значна больш аб’ёмна і эмацыйна, чым у запісе.
Адзін з наймацнейшых трэкаў альбома “До..уя советчиков” — той, які і даў назву дыску. Лірыка песень “Дзюбеля”, як і заўсёды, нагадвае урыўкі думак, аб’яднаных агульнай эмоцыяй. Сам Кулінковіч неаднаразова прызнаваўся ў тым, што глыбокага сэнсу ў сваіх тэкстах не бачыць. Але на гэтым альбоме — ўсё нібыта больш лагічна і зразумела. Трэк “До..уя советчиков” жа з’яўляецца сапраўдным абагульненнем тэматыкі песень на дыску, яна вельмі дакладна перадае яго настрой.
Ну і асобны дзякуй музыкам за сцёб у песнях “Алкогольный чих” ды “Бифидокефир”. Музыка, аранжыроўка і г.д. у іх аднолькавыя, а вось тэксты розныя. Прычым першапачаткова была напісаная “Алкогольный чих”, “Бифидокефир” з’явілася падчас запісу, як рэакцыя на тое, што бубнач увесь час у студыі піў гэты напой.
Дарэчы, на дыску раптоўна з’явілася песня “Гуси-лебеди”, якая першы раз выдавалася ў першай частцы альбома “Умные вещи”. Яна разам з трэкам “Сонце” дадае альбому нейкай сур’ёзнай, дарослай тугі, нават, прымушае задумацца пра жыццё… Карацей, альбом класны і не прыядаецца, ва ўсялякім выпадку за першы тыдзень сталага праслухоўвання.