Невядомыя ўкраінскія атрады вядуць паспяховыя баі ў Дэбальцава
Пра гэта сведчаць неафіцыйныя крыніцы. Невядома, ці гэта акружэнцы, якія засталіся ў горадзе, ці дыверсійна-выведчыя групы.
23 лютага ў горадзе Дэбальцава Данецкай вобласці ішлі баі. Нагадаем, 2130 украінскіх вайскоўцаў вырваліся з акружэння 18 лютага і адыйшлі на поўнач, да Арцёмаўска. У баях загінула каля 170 салдат і афіцэраў, некалькі соцень трапілі ў палон, да 100 лічацца зніклымі без вестак. Прарасійскія баевікі панеслі значна большыя страты. Дэбальцава кантралюецца імі, аднак, час ад часу, з'яўляецца інфармацыя пра дыверсіі, праведзеныя ў горадзе: падрывы машын з баевікамі на фугасах, абстрэлы са стралковай зброі.
Баец Нацгвардыі: Мы маглі яшчэ трымаць Дэбальцава, але быў загад адысці
Як паведамляе ўкраінскі блогер Алег Ярчук, які спасылаецца на перахоп данясенняў расійскіх падраздзяленняў, якія ваююць на Данбасе, 23 лютага ў Дэбальцава зноў адбыліся баі. Спачатку невядомае ўкраінскае падраздзяленне напала на байцоў 346-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння, перакінутых з Паўднёвай вайсковай акругі Расіі (Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка). Загінулі 12 расіян, яшчэ 11 былі параненыя. Украінцы прарвалі ачапленне і выйшлі да чыгуначнага вакзала. Пра лёс гэтага атрада пакуль інфармацыі няма.
Пазней у Дэбальцава была атакована невядомым украінскім атрадам калона 18-й мотастралковай брыгады з Чачэніі. Стрэламі з гранатамётаў былі знішчаныя тры адзінкі бронетэхнікі, забітыя 8 вайскоўцаў, яшчэ 20 былі параненыя. Гэты раён ачапілі, ішлі пошукі ўкраінскіх байцоў, пра іх вынікі інфармацыі няма. Ёсць і яшчэ адна версія гэтага бою. Нібыта, баевікі памылкова атакавалі расійскую калону і нанеслі ёй страты.
Нагадаем, горад Дэбальцава ляжыць у руінах. У сярэдзіне лютага баевікі абстрэльвалі яго з танкаў і артылерыі. Быў знішчаны чыгуначны вузел (Дэбальцава па чыгунцы звязвае Луганск і Данецк), які верагодна падарвалі падчас адступлення ўкраінскія войскі.
Фота: ria.ru