“Нейтралізуйце падбухторшчыкаў, а астатнім дайце адсвяткаваць Дзень Волі”

“Нейтралізуйце падбухторшчыкаў, а астатнім дайце адсвяткаваць Дзень Волі”

“Калі ў КДБ ведаюць, што рыхтуюцца правакацыі, — няхай нейтралізуюць завадатараў, падбухторшчыкаў. А астатнім людзям дадуць адгуляць свята ў межах закона”, — так аналітык Андрэй Паротнікаў каментуе заяву старшыні КДБ Івана Церцеля пра “ўзрастанне тэрарыстычных пагрозаў” напярэдадні Дня Волі. 

Тэртэль дадае, што спецслужбы знайшлі на тэрыторыі Беларусі схованку са зброяй, пластыдам і дзясяткамі кілаграмаў тратылу. “Пытанне: куды глядзяць памежнікі і мытнікі ў выпадку, калі паток зброі ідзе да нас такой хваляй? Што яны там робяць? Можа, нам і непатрэбныя такія памежнікі, калі нехта так запраста правёз праз мяжу дзясяткі кілаграмаў тратылу?” — здзіўляецца Паротнікаў.

Эксперт звяртае ўвагу, што ў заяве старшыні КДБ не названыя ні прозвішчы людзей, нібыта адказных за падрыхтоўку тэрактаў, ні арганізацыі, якія аны прадстаўляюць. Затое пералічаныя краіны, якія нібыта забяспечвалі баевікоў зброяй. “Украіна ўжо разглядае магчымасць санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў, а гэта, дарэчы, другі па маштабах для Беларусі рынак, і самы прэміальны”, — канстатуе ён. 

Паротнікаў таксама не разумее, навошта захоўваць столькі выбухоўкі ў адным месцы. Са словаў Церцеля, у “арганізаваную групу” ўваходзілі “прафесійна падрыхтаваныя грамадзяне”. Але хіба сапраўдны тэрарыст складзе ўсе яйкі ў адзін кошык?

Цяперашняя заява Івана Церцеля нагадала Андрэю Паротнікаву пра справу “Белага легіёна”, якую беларускія сілавікі завялі ў 2017 годзе, на фоне “Маршаў недармаедаў”. Тады КДБ затрымаў некалькі дзясяткаў чалавек. Іх абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. Некалькі месяцаў фігуранты справы правялі за кратамі. Пасля іх вызвалілі, а справу спынілі.

“Відавочна, што зараз паступіла палітычная заяўка зверху, і КДБ падводзіць пад яе нейкую факталагічную базу. Чым гэта скончыцца і як хутка? Пытанне адкрытае. Шчыра кажучы, ніякага даверу да гэтых заяваў аб нейкіх тэрараыстах, тым больш, якія рыхтуюцца замежнымі спецслужбамі, у мяне асабіста няма. Будзем шчырымі, і Украіна, і краіны Еўразвязу насамрэч вельмі зацікаўленыя тым, каб далей захоўваўся Лукашэнка”.

На думку аналітыка, заява Церцеля — “старая шарманка”, якую ўлады заўсёды заводзяць, калі адчуваюць пагрозу. У дадзеным выпадку мы назіраем “падрыхтоўчы прапагандыстскі залп па Дні Волі і па фармаце яго святкавання”

Ці азначае гэта, што ўлады Беларусі дазволяць святкаванне Дня Волі?

“З аднаго боку, улады баяцца масавай пратэснай актыўнасці, бо на гэта трэба будзе неяк рэагаваць, — разважае Паротнікаў. — Гэта значыць — рэпрэсіі: новыя палітзняволенныя, новы ціск на СМІ, на праваабаронцаў і гэтак далей. У адказ пачнуцца санкцыі. Ужо проста адмахацца 10-20 чыноўнікамі, якія, можа, у тую Еўропу ніколі не збіраліся, у Брусэля не атрымаецца, трэба будзе прымаць больш сур’ёзныя захады”.

Эксперт лічыць, што праз гэта, а таксама праз пагрозу аднаўлення ў красавіку санкцый ЗША ў дачыненні да канцэрна “Белнафтахім” сёння “рэжым стаіць у шпагаце”. Таму ўлады спрабуюць напужаць беларусаў перад Днём Волі, так зрабіць мерапрыемства нешматлюдным і атрымаць выгадную для сябе карціну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі