“Ніводны чалавек не вярнуўся ў Беларусь і не папрасіўся назад у бальніцу”
Анастазіёлаг-рэаніматолаг Андрэй Вітушка пра тое, як ён быў медсястрой, і чаму аднакурснікі з'ехалі ў Афрыку і Францыю.
У межах праекта “Жыццё (не)звычайнага беларуса” карэспандэнты інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” сустрэліся з беларускамоўным лекарам адной з мінскіх клінік Андрэем Вітушкам.
— Андрэй, якія ў вас былі ўяўленні пра прафесію доктара, калі вы вырашылі паступаць у медінстытут?
— Паводле традыцыйнай трактоўкі майго жыццёвага бэкграунда я не мусіў паступаць у медінстытут. У маёй сям'і ніхто, апроч стрыечнай сястры, не працуе ў медыцыне. Я вучыўся ў прэстыжнай матэматычнай школе. З 9-га класа, як амаль усе мае аднакласнікі, рыхтаваўся паступаць ў БДУ на механіка-матэматычны факультэт, альбо ў Наргас.
Але потым я начытаўся Булгакава і Чэхава. Пра прафесію ўяўленне было на ўзроўні земскага доктара 19-га стагоддзя. Такі светлы вобраз чалавека ў белым халаце, які ўсіх ратуе.
А пасля трэцяга курса я стаў медсястрой. У той час пасля праходжання сястрынскай практыкі студэнтам было дазволена працаваць на гэтай пасадзе. Мне хацелася глыбей занурыцца ў прафесію. Я абышоў некалькі бальніц, і ў выніку мяне ўзялі ў рэанімацыю нованароджаных. У маёй працоўнай кніжцы так і напісалі: «медсястра».
— Якія ўяўленні датычна прафесіі разбурыліся, калі вы пачалі працаваць?
— Пераваротаў у свядомасці не адбылося. Адзінае — я выракся ідэі быць псіханейрахірургам. І атрымаў новую мару — стаць неанатальным рэаніматолагам — доктарам, які займаецца інтэнсіўнай тэрапіяй нованароджаных дзяцей.
— Як вас успрымалі калегі? У нас жа звычайна мядсёстрамі жанчыны працуюць?
— Вялікая колькасць студэнтаў (адсоткаў 30), якія працавалі ў аддзяленнях рэанімацыі, былі хлопцы. Праца там дастаткова складаная. Мяне ўспрымалі абсалютна нармальна, бо гэта традыцыя сярод студэнтаў у час навучання працаваць на сястрынскіх пасадах.
— Мая знаёмая дзяўчына паступіла сёлета ў медуніверсітэт. Яна ўяўляе сабе працу доктара па серыяле «Інтэрны». Яе мама ўпэўненая, што дачка пасля сканчэння ВНУ будзе працаваць у прыватным медцэнтры. Ці ёсць сярод вашых знаёмых людзі, якія сышлі з медыцыны, таму што былі шакаваныя ўмовамі працы?
— Было такое. Цікавы парадокс: конкурс у медуніверсітэт трымаецца даволі высокі. Цяжка паступіць, і пры гэтым традыцыйна застаецца праблема недахопу лекараў. Значыць, пэўная колькасць людзей, якія паступаюць, губляюцца і не трапляюць у прафесію.
Але больш крыўдна, калі чалавек адвучыўся, прыйшоў у прафесію, папрацаваў гадоў пяць, зразумеў, што гэта ягонае месца, але жыццё вымагае сыходу ў іншую сферу дзеля зараблення грошай. Сумна глядзець, як таленавітыя лекары сыходзяць у бізнес ці з'язджаюць за мяжу. Гэта страта для беларускай медыцыны.
— Шмат такіх сярод вашых аднакурснікаў?
— Так. Не палова курса, але зорныя асобы — яны хто дзе: у ЗША, Францыі, Афрыцы…
— Андрэй, калі вы апошні раз адчувалі задавальненне ад сваёй працы, гонар, што гэта вы зрабілі?
— Я працую ў аддзяленні рэанімацыі нованароджаных. У дзяцей вельмі пластычны арганізм, які мае тэндэнцыю лёгка адстройвацца пасля пашкоджанняў, якія былі нанесеныя. Яны часцей ачуньваюць, чым дарослыя людзі. У іх няма такога багажу хранічных хваробаў, такой зношанасці арганізма.
Бывае, паступае дзіця з выразнай ступенню неданошанасці (27-28 тыдняў), якое важыць 700-800 грамаў. Дзякуючы нашай супольнай з калегамі працы, гэты чалавек вучыцца самастойна дыхаць, есці, ён расце і ўжо не патрабуе інтэнсіўнай тэрапіі. Пасля яго пераводзяць у аддзяленне для неданошаных і потым выпісваюць дадому.
Вельмі прыемна адчуваць сябе часткай добра наладжанай каманды, калі ўсе нашыя высілкі даюць плён. Праз нейкі час гэтае дзіця вяртаецца з бацькамі да цябе, і ты бачыш, што ён расце, развіваецца — і гэта радасць для сям’і. Вядома, ты радуешся разам з імі.
— То бок нават неданошанае дзіцё можа вырасці абсалютна здаровым?
— Можа. Ёсць адпрацаваныя тэхналогіі, але з іншага боку ёсць індывідуальныя асаблівасці арганізму. Чым большая ступень неданошанасці, тым большая рызыка мець разнастайныя праблемы са здароўем.
І ніхто не можа даць гарантый, што чалавек вырасце абсалютна здаровым. Нават у самых развітых краінах, з найлепшым доглядам і выкананнем універсальных рэкамендацый.
Нельга сказаць, што калі чалавек нарадзіўся ў 25 тыдняў у Амерыцы, то з ім усё будзе добра, а з народжаным у Беларусі не.
— Калі не атрымалася выратаваць дзіцёнка, ці даводзілася вам чуць абразы ці пагрозы ад бацькоў?
— Так. Людзі, калі здараецца бяда, знаходзяцца ў стрэсе. Могуць нагаварыць усялякага. Але гэта вялікая рэдкасць.
— Ці атрымліваецца ў вас ставіць заслону, якая дазваляе вам не браць гэта блізка да сэрца?
— Такі навык — частка прафесіі. Калі ты ўсё будзеш успрымаць неналежным чынам, цябе надоўга не хопіць. Ты не зможаш выконваць свае абавязкі. Трэба трымаць эмоцыі пад кантролем.
Мне важна ведаць, што мы зрабілі ўсё, што маглі. Але не ўсё ад нас залежыць.
— Ці былі моманты, калі вам хацелася сысці з прафесіі?
— Ведаеце, розныя былі моманты. Калі штосьці не ўдавалася, натуральным чынам узнікала думка: можа, я нешта зрабіў не так? Але нездарма ты рабіў менавіта гэта, а не тое. І калі, не гледзячы на правільныя дзеянні, вынік адмоўны, значыць, лёсу так трэба было. Галоўнае надалей старацца ў падобных сітуацыях дзейнічаць больш эфектыўна. Гэта тое, што звязана з прафесійным ростам.
Іншы момант — матэрыяльнае пытанне. Калі ты дарослы чалавек, у цябе ёсць сям'я, ты шмат часу праводзіш на працы і не маеш магчымасці задаволіць базавыя патрэбы, думаеш: «Ты мужчына, ты мусіш сям'ю забяспечваць».
— Колькі дактары вашага ўзроўню могуць зарабляць? Вы ж працуеце больш, чым на стаўку?
— Ніхто з лекараў у нашай краіне не працуе на стаўку. Кожны ў сярэднім працуе на 1,4 стаўкі. Я не выключэнне.
Ёсць такі стары жарт: «Чаму дактары працуюць на паўтары стаўкі? — Таму што калі працаваць на адну, то не будзе за што есці, а калі працаваць на дзве, то не будзе калі есці».
Сістэма аплаты ў ахове здароўя настолькі далёкая ад паняцця справядлівасці, што прыводзіць лічбы даволі праблематычна. Сістэма пабудавана так, што ёсць невялічкая базавая стаўка, да яе прыплюсоўваюцца розныя дадаткі, каэфіцыенты. Хтосьці іх атрымлівае, а хтосьці – не, таму аплата можа вельмі адрознівацца.
Заробак лекара на паўтары стаўкі роўны заробку людзей, якія працуюць у прамысловасці ці мэнэджарамі сярэдняга звяна. Умоўна кажучы, шэраговы інжынер на МАЗе, які працуе на стаўку, зарабляе столькі ж, колькі лекар, які працуе на паўтары ў рэспубліканскім цэнтры і выконвае складаныя аперацыі.
Я лічу, што на першым этапе заробак лекара павінен быць роўны сярэдняму заробку ў прамысловасці. Тады можна будзе нейкім чынам спыніць вымыванне кадраў з медыцыны.
— Вашыя сябры — аднакурснікі, якія з'ехалі ў Афрыку ці Расію, расказваюць, колькі яны зарабляюць?
— Вельмі па-рознаму. Сэнс у тым, што ў іх задаволеныя базавыя патрэбы. Яны не думаюць, дзе ім жыць і што ім есці. Застаецца яшчэ нешта, каб прафесійна развівацца, ездзіць на міжнародныя канферэнцыі, вандраваць, гадаваць дзяцей.
Усе з большага задаволеныя. Яшчэ ніводны чалавек не вярнуўся ў Беларусь і не папрасіўся назад у інфекцыйную бальніцу.
— Што вас трымае ў медыцыне?
— Думаю, для кожнага чалавека знайсці сваё месца — гэта вялікая ўдача. Тое, чым я займаюся, гэта маё.
— Вы некалі пісалі пра тое, што калі доктар збіраецца паехаць на канферэнцыю ці сімпозіум за мяжой, ён мусіць прасіць дазвол у кіраўніцтва ўстановы, дзе працуе. І нават калі доктар збіраецца паехаць у адпачынак, усё роўна ён павінен атрымаць дазвол адміністрацыі.
— Так, калі ён бярэ адпачынак за свой кошт, мусіць аргументаваць.
— Пры такіх умовах ці магчымы прафесійны рост?
— Магчымы, але не просты. Значнай перашкодай для прафесійнага росту з'яўляецца праца на паўтары стаўкі. Калі ты перагружаны штодзённай руцінай, то ў цябе банальна не стае часу на тое, каб нешта пачытаць, паглядзець, каб, напрыклад, запісацца на бясплатны дыстанцыйны курс.
Другая прычына, якая замінае прафесійнаму росту, — фінансавая няздольнасць паехаць на канферэнцыю далей, чым у Літву ці ў Маскву.
— Вам удаецца часам бываць на міжнародных канферэнцыях?
— Так, я імкнуся не спыняць прафесійнае развіццё. Але гэта амаль заўсёды асабістая ініцыятыва.
Як правіла, павышэнне кваліфікацыі медработнікаў у Беларусі заканчваецца Беларускай акадэміяй паслядыпломнай адукацыі.
Я ведаю вельмі мала прыкладаў, калі адміністрацыя медустаноў працуе на тое, каб іх работнікі былі ўключаныя не толькі ва ўнутрыбеларускую «салянку», але і ў сусветныя навуковыя і адукацыйныя працэсы і абмен досведам.
— Віцэ-прэм'ер Тозік ячшэ два гады таму прапаноўваў увесці сімвалічную плату за кожнае наведванне паліклінікі, каб пазбавіць медустановы ад чэргаў. Нядаўна ён выказаў ідэю, каб беларусы плацілі за прыём у доктара, калі колькасць наведванняў большая за 8 разоў на год. Апроч гэтага, Тозік прапануе беларусам плаціць за неабгрунтаваны выклік хуткай. Ці згодныя вы з гэтымі прапановамі? І за якія медыцынскія паслугі, на вашую думку, беларусы мусяць плаціць?
— Бясплатнай медыцыны ў прынцыпе не існуе. Таму што ўсё роўна чалавек за яе плоціць: непасрэдна са сваёй кішэні ці праз дзяржаву, пералічваючы падаткі ў бюджэт.
Я вітаю любую ініцыятыву па разгрузцы лекараў.
Ініцыятывы Тозіка добрыя з пазіцыі разгрузкі першаснага звяна. Але, на маю думку, яны не вырашаць сістэмныя праблемы, якія ёсць у сферы аховы здароўя. І многія ў прафесійным асяроддзі гэта разумеюць. Так што з аднаго боку, магу ўхваліць абедзве гэтыя прапановы, а з іншага, гэта можа быць нейкім крокам да больш прадуманай і зразумелай стратэгіі.
— Скажыце, а вы і ваша сям'я звяртаецеся ў дзяржаўныя паліклінікі альбо ў прыватныя медцэнтры?
— Звяртаемся і ў паліклінікі, і ў медцэнтры. Да таго ж, дзякуй Богу, у нашай сістэме высокі ўзровень калегіяльнасці і ўзаемадапамогі. Калі ўзнікае нейкая спецыфічная праблема, ты можаш звярнуцца да свайго бліжэйшага атачэння. Абавязкова знаходзяцца ланцужкі, якія звязваюць з людзьмі ў патрэбных сферах, якія дапамогуць парадай.
— А дзе, на вашую думку, працуюць лепшыя дактары — у прыватным сектары ці ў дзяржаўным?
— Яны аднолькавыя паўсюль. Вельмі часта бывае так, што чалавек працуе на стаўку ў бальніцы, а на палову стаўкі ў медцэнтры. Асабліва тыя, хто займаецца дыягностыкай. Адзінае, што ў прыватных цэнтрах лекараў абавязваюць больш быць прыязнымі да пацыентаў і больш з імі гаварыць. Гэта кантралюецца.
На маю думку, ёсць верагоднасць атрымаць непрафесійную кансультацыю і ў паліклініцы, і ў прыватным цэнтры.
— Скаргаў на дактароў даводзіцца выслухваць безліч. Зрэдку пачуеш, як лекар дапамог.
— Негатывізм, які праяўляецца да лекараў, — гэта заканамернасць. Чалавек, які задаволены паслугай, распавядзе пра гэта, ўмоўна кажучы, чатыром асобам са свайго бліжэйшага атачэння, а незадаволены — пятнаццаці. Чалавек больш схільны дзяліцца негатыўнымі перажываннямі. Асабліва гэта характэрна для Беларусі. У нас увогуле людзі не любяць хваліць і хваліцца. Усё ў іх кепска. Спытаеш, як жыццё? — Ды не пытайся, абы што. І праца, і жонка, і цешча. І бульба не ўрадзіла, і рыба не ловіцца. Паспачуваеш, развітваешся, а ён у новы Туарэг сеў і паехаў лазню ў загарадным доме дабудоўваць.
— Ці абмяркоўваеце вы ў прафесійным асяродку тое, што вам баліць? Якія самыя балючыя праблемы існуюць для вас сёння ў медыцыне?
— У прафесійным асяроддзі абмяркоўваем, як і ўсе. Хацелася б, каб было больш рацыянальнасці ў арганізацыі сістэмы аховы здароўя. Гэта і ёсць асноўная праблема.
На цяперашні момант сама сістэма не гатовая да таго, каб знутры гэтыя змены пачаліся. Яны мусяць ініцыявацца звонку.
…У мяне ёсць некалькі знаёмых, якія мэтанакіравана ехалі нараджаць у Вільню ці яшчэ далей, абы толькі не ў Беларусі, бо стаўленне палохае. Гэта выйсце далёка не для ўсіх, бо не ў кожнага ёсць такая магчымасць.
У якасці прыкладу магу прывесці польскі досвед, які датычыцца радзільных стацыянараў. Там сістэма была падобная да нашай, усё было вельмі закрыта. Палякі зладзілі грамадскую кампанію з актыўным удзелам СМІ, якая называлася «Нарадзіць па-людску». І сапраўды гэта паспрыяла таму, што болей стала шанцаў нарадзіць па-людску.
— Усё часцей у медыях з'яўляюцца навіны пра карупцыю у сферы медыцыны. Як вы лічыце, ці ёсць гэта вынікам нізкіх заробкаў?
— Многіх цікавіць: чаму неўролага паліклінікі, якой 54 гады, за 20 баксаў садзяць у турму на 5 гадоў. І ў той самы час ёсць вялікая колькасць людзей, якія крадуць на мільёны, і пры гэтым ім альбо нічога, альбо тэрмін такі ж самы – 5 гадоў. У любой сферы ёсць людзі, занятыя тым, што не працуюць, а высмоктваюць з некага грошы. Каб высочваць і лавіць такіх людзей створаныя адмысловыя ворганы. Гэта іх функцыя.
Праблемы карупцыі ў беларускай сістэме аховы здароўя няма. Гэта маё глыбокае перакананне. Яна ёсць можа ў Азербайджане, яшчэ дзесьці.
— Але ж бывае, калі пацыент хоча аддзячыць.
— Дзякаваць доктару з кожным годам у нас усё менш прынята.
Адначасова створана такая сістэма, што падштурхоўвае на лекараў скардзіцца, напрыклад, праз гарачую лінію.
Як казаў кіраўнік бюро Арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі, гэта сістэма нагадвае «приглашение к доносу». Гэты спроба з боку дзяржавы падпарадкаваць медработнікаў. Існуючая практыка разгляду скаргаў сведчыць, што практычна заўсёды вінаваты лекар. Якой бы бязглуздай скарга ні была.
У штодзённым жыцці лекару даводзіцца прымаць шмат важных рашэнняў, якія маюць наступствы. Гэта выхоўвае самастойнасць мыслення. Адпаведна такіх людзей цяжка кантраляваць. Ва ўсім свеце распрацоўваюцца адмысловыя падыходы, розныя сістэмы працы з такімі калектывамі. Як найлепш кіраваць камандай медыкаў? Добра, калі ў цябе ў бальніцы адзін доктар Хаус, а калі ў цябе ўвесь калектыў складаецца з доктараў Хаусаў — гэта капец. Гэта не будзе працаваць ў прынцыпе.
Кантраляванне медработнікаў — вельмі важная сфера дзейнасці сістэмы аховы здароўя. Адваротным бокам гэтай працы з'яўляецца тое, што на лекара лягчэй наехаць, чым дамовіцца, як кажа мой адзін калега. Нярэдкія выпадкі, калі пацыент скандаліць, маўляў, тут мяне не лекуюць, вакол мяне не бегаюць, а ну сюды ўсіх. Вельмі часта гэта бывае, калі прыходзіць п'яны пацыент і пачынае качаць правы.
…Насамрэч хацелся б больш здаровага сэнсу і працы не на дасягненне паказчыкаў, не на задаволенасць тэлегледачоў, не на прыгожую карцінку ў тэлевізары, а працы на вынік. Нам трэба будаваць медыцыну еўрапейскага ўзроўню.
— Ваш сын хоча быць доктарам?
— Не, і я не пераймаюся. Ён хацеў быць марскім біёлагам, касманаўтам, журналістам, архітэктарам. Мы з жонкай з задавальненнем прымем любы ягоны выбар.
Крыніца: інтэрнет-газета “Салідарнасць”