Новы рэдактар “Прессбола”: Гэта было рашэнне Беражкова — сысці
Чаму змяніўся рэдактар “Прессбола”, хто за гэтым стаіць і як зменіцца палітыка газеты, Еўрарадыё цікавіцца ў новага рэдактара выдання Сяргея Кайко
Еўрарадыё: Ці стала для вас нечаканым прызначэнне рэдактарам “Прессбола”?
Сяргей Кайко: Яшчэ некалькі дзён таму я думкамі быў зусім далёка ад гэтага! Я быў намеснікам галоўнага рэдактара, адказваў за футбол, а толькі што футбольны сезон распачаўся і ўсімі сваімі думкамі я быў там. Але так адбылося, мне паступіла прапанова — і я яе прыняў.
Еўрарадыё: Ад каго паступіла “рэдактарская прапанова” і як адбывалася змена рэдактара?
Сяргей Кайко: Прапанова мне паступіла па выніках калегіяльнага рашэння, прынятага на пасяджэнні заснавальнікаў, ад кіраўніцтва рэдакцыі. Што тычыцца прычын, чаму гэта адбылося, то гэта пытанне неабходна адрасаваць Уладзіміру Пятровічу (Беражкову. — заўв. Еўрарадыё). Я мяркую так: час ідзе, ён узначальваў рэдакцыю амаль два дзясяткі гадоў… Я працую на гэтай пасадзе другі дзень, але ўжо пачынаю разумець, што гэта вельмі цяжка — цягнуць такі воз. Тым больш што гэта не толькі газета — гэта і сайт, і “Прессбол-TV”, які мы стараемся пакрысе развіваць. Таму, напэўна, такія вось прычыны, але дакладнасці вам можа толькі Уладзімір Пятровіч расказаць.
Еўрарадыё: Такім чынам, сысці з пасады галоўнага рэдактара было яго рашэннем, стаміўся?
Сяргей Кайко: Мне падаецца, што гэта было яго рашэннем. А стаміўся — не стаміўся… Мне падаецца, што ён добра кіраваў газетай, яна развівалася, і пры ім яна б развівалася і далей, але ён прыняў такое вось рашэнне. Не ведаю, што тут яшчэ дадаць!
Еўрарадыё: У вас ёсць планы па далейшым развіцці газеты? Ці, можа, вам нехта з заснавальнікаў сказаў, што было б пажаданым, каб развіццё ішло ў такім вось накірунку?
Сяргей Кайко: З улікам таго, што я пакуль адпрацаваў на гэтай пасадзе толькі адзін поўны працоўны дзень, то я, шчыра кажучы, канцэпцыю яшчэ не распрацаваў. Але ж для журналістыкі галоўнае — ідэі, а ідэі ў мяне ёсць, і мы іх будзем паціху рэалізоўваць. Раскрываць іх зараз не буду з пункту гледжання творчых таямніц — будзеце бачыць, як усё будзе мяняцца. Але ўсё будзе паступова, і я спадзяюся, што ўсё ў нас атрымаецца. Адзначу толькі, што мой фронт працы — найперш газета. Бо за сайт адказваюць іншыя людзі, у “Прессбол-TV” таксама ёсць сваё кіраўніцтва. І над зменамі мы будзем працаваць сумесна.
Сяргей Кайко
Еўрарадыё: Ці чакаць зменаў у калектыве рэдакцыі?
Сяргей Кайко: Я лічу, што ў нас вельмі добры творчы калектыў, з вялікім творчым патэнцыялам. І ніякай насцярожанасці з гэтай нагоды ў калектыве я не заўважыў, хутчэй, наадварот — у мой адрас сёння шмат жартаў, падбухторванняў. Я вельмі добра стаўлюся да такой рэакцыі калектыву і ніякіх радыкальных зменаў не планую. Тым больш, як кажуць, не збіраюся прыводзіць нейкіх “сваіх людзей”. Мы ўсе ў “Прессболе” свае людзі, і за межамі “Прессбола” я зараз не бегаю позіркам з тым, каб некага адшукаць і сюды прыцягнуць.
Еўрарадыё: Матэрыялы “Прессбола” часам былі вельмі вострымі і крытычнымі, як і пазіцыя галоўнага рэдактара Уладзіміра Беражкова. З-за гэтага і на выданне, і на яго рэдактара коса паглядалі чыноўнікі ад спорту. Вы будзеце змякчаць рэдакцыйную палітыку ці, можа, наадварот, рабіць яе больш вострай і крытычнай?
Сяргей Кайко: Калі браць агульную накіраванасць газеты, то мяне, у прынцыпе, задавальняе тое, якую пазіцыю зараз займае “Прессбол” у грамадскім сэнсе. Тым больш што ў нас, па вялікім рахунку, вузкаспецыялізаваная газета — мы пішам пра спорт, стараючыся абапірацца на незалежны погляд журналіста. Мы і надалей будзем захоўваць аб’ектыўнасць і пісаць пра спорт так, як і раней.
Еўрарадыё: У вас цеснае супрацоўніцтва з Федэрацыяй футбола — ці будзе пазіцыя кіраўніцтва Федэрацыі па пэўных пытаннях уплываць на пазіцыю рэдакцыі?
Сяргей Кайко: А як, на ваш погляд, яна раней уплывала? Калі вы пагартаеце газету, то ўбачыце там даволі шмат крытычных матэрыялаў на адрас Федэрацыі. Так, мы супрацоўнічаем з Федэрацыяй і ўдзячныя ёй у тым ліку і за тое, што наша супрацоўніцтва развіваецца ў рэчышчы паразумення. Карацей, журналістыка прэсболаўская была і застаецца нязменнай, нягледзячы на тыя змены, якія адбываюцца.
Фота: www.belgazeta.by, http://www.pressball.by