Новым брытанскім прэм'ерам стане Тэрэза Мэй
Новым брытанскім прэм'ерам стане Тэрэза Мэй, міністр унутраных спраў. Яна засталася адзіным кандыдатам на пасаду лідара Кансерватыўнай партыі, а значыць і прэм'ер-міністра. Пра гэта стала вядома пасля таго, як яе асноўная саперніца за лідарства ў Кансерватыўнай партыі Андрэа Ледсам заявіла, што здымае сваю кандыдатуру, інфармуе ВВС.
Прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран заявіў, што збіраецца сыйсці ў адстаўку 13 ліпеня. Паводле яго слоў, Мэй — "моцная, кампетэнтная", яна атрымае яго "поўную падтрымку". Кэмеран кажа, што заўтра правядзе апошняе пасяджэнне ўраду. Як вядома, прэм'ер заявіў пра сыход у адстаўку пасля таго, як на рэферэндуме 23 чэрвеня перамаглі прыхільнікі выхаду Вялікабрытаніі з ЕС.
Тэрэза Мэй заявіла, што Вялікабрытанія павінна дамовіцца пра выгадныя для сябе ўмовы выхаду з Еўрасаюза. "Брэксіт значыць брэксіт, і мы зробім яго паспяховым", — сказала яна, выступаючы перад чальцамі Кансерватыўнай партыі ў Бірмінгеме. Яна ўжо паабяцала рэфармаваць сістэму кіравання буйным бізнесам.