Новым прэзідэнтам Грузіі стаў былы футбаліст

Міхаіл Кавелашвілі атрымаў 224 галасы выбаршчыкаў

Міхаіл Кавелашвілі атрымаў 224 галасы выбаршчыкаў / Reuters

У Грузіі ЦВК завяршыў падлік галасоў і абвясціў новым прэзідэнтам краіны Міхаіла Кавелашвілі. Былы футбаліст і экс-дэпутат атрымаў 224 галасы выбаршчыкаў, адзін бюлетэнь быў сапсаваны, паведамляе тэлеграм-канал Мікалая Леўшыца.

Выбары прэзідэнта Грузіі ўпершыню праводзіліся не прамым галасаваннем выбаршчыкаў, а дэпутатамі парламента і прадстаўнікамі органаў мясцовага самакіравання. Каля 70% выбаршчыкаў складалі прадстаўнікі кіруючай партыі «Грузінская мара», а кандыдат быў адзін.

Інаўгурацыя Кавелашвілі запланаваная на 29 снежня.

Чатыры асноўныя апазіцыйныя партыі і дзейная прэзідэнтка Саломэ Зурабішвілі не прызнаюць вынікі выбараў і лічаць іх нелегітымнымі.

Кавелашвілі 53 гады. Ён — былы нападаючы зборнай Грузіі (1991–2002), гуляў на радзіме, а затым у Вялікабрытаніі (за «Манчэстар Сіці») і Швейцарыі. Пасля заканчэння футбольнай кар'еры пайшоў у палітыку. Дэпутат парламента Грузіі з 2016 года. У 2022 годзе выйшаў з «Грузінскай мары» і далучыўся да звязанай з ёй «Сілы народа». Кандыдата ў прэзідэнты прадставіў кіраўнік «Грузінскай мары» Бідзіна Іванішвілі.

Міхаіла Кавелашвілі называюць кансерватыўным палітыкам і «ярым антызаходнікам».

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі