“Няхай сям'я разбіраецца сама”. Чаму пралайферы супраць закона пра хатні гвалт
Беларускія “прасямейныя” праваслаўныя арганізацыі напісалі ліст Аляксандру Лукашэнку. Яны просяць скарэктаваць канцэпцыю закона аб хатнім гвалце. "У сям'і павінны быць уласныя рэсурсы і механізмы вырашэння ўнутраных канфліктаў", лічаць яны. Дакумент, што разам з грамадскімі арганізацыямі распрацавала МУС, пралайферы называюць "прафанацыяй", якая прывядзе да дэградацыі інстытута сям'і і дэвальвацыі маральна-культурных каштоўнасцяў.
Сярод падпісантаў — арганізацыі "Выратаванне немаўлят", "Цэнтр падтрымкі сям'і і мацярынства “Мамалета”", "Бацькоўства", "Горад без наркотыкаў", "Адкрытыя сэрцы", "Цэнтр падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства “Пакрова”", прадстаўнікі Аб'яднанай царквы ХВЕ ў Беларусі, прадстаўнікі царквы ЕХБ.
“Калі нешта здарылася ў адной сям'і, гэта раздуваецца на 10 мільёнаў”
"Мы выступаем супраць таго, каб, правы дзяцей ставіліся вышэй за правы бацькоў, і ў выніку дзеці змаглі б пагражаць сваім бацькам, у выпадку, калі яны адмаўляюцца патураць капрызам, — тлумачыць пазіцыю дабрачыннага аб'яднання "Выратаванне немаўлят" адна з яго кіраўніц Юлія Яраслаўцава. — Безумоўна, нельга закрываць вочы на агрэсію ў дачыненніх да дзяцей, дапускаць з боку дзяржавы жорсткае збіццё, якое цягне за сабой сур'ёзныя траўмы, а таксама сексуальны гвалт. Але і неправамерна забіраць дзіця з сям'і за плясканне або незадавальненне капрызаў. Хацелася б больш выразнага тлумачэння, што ўключае ў сябе дапушчальнае пакаранне дзіцяці. У выпадку рэалізацыі закона дзіця адчуе велізарны стрэс з прычыны яго канфіскацыі з сям'і, гэта яшчэ больш ўскладніць яго адносіны з бацькамі".
Кіраўнік Цэнтра падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства "Пакрова" Андрэй Зубенка мяркуе, што будучы закон аб хатнім гвалце "праплачаны Захадам". На яго думку, праблемы ў беларускіх сем'ях варта вырашаць не “агрэсіўным умяшальніцтвам дзяржавы ў справы сям'і, а выхаваннем праз міласэрнасць, узаемапаразуменне, якія ўласцівыя традыцыйным каштоўнасцям”.
"Які хатні гвалт ёсць у Беларусі? Калі нешта здарылася ў адной сям'і, гэта раздуваецца адразу на дзесяць мільёнаў па ўсіх навінах, каб адмыслова зрабіць такі закон. А ёсць жа нармальныя сем'і, дзе нармальна жывуць людзі. Чаму грамадству не паказаць такую сям'ю? Што ў ёй шмат дзяцей, яны добра выхаваныя, атрымліваюць узнагароды? Чаму мы не кажам пазітыўна пра сям'ю, а ўвесь час шукаем негатыў? — абураецца Андрэй Зубенка. — Трэба выхоўваць людзей, уводзіць сем'язнаўства ў школах, працаваць на пазітыве, гаварыць аб маральнасці і сямейных каштоўнасцях. А гэты закон разбурыць сям'ю знутры, і прыкладам бяруцца заходнія краіны, дзе няма сям'і як такой, дзе ёсць аднаполыя шлюбы. Сямейныя каштоўнасці — гэта залог поспеху. Мы ходзім на Дзень Перамогі, мы памятаем нашых дзядоў. А як мы будзем іх паважаць з такім законам?"
Паводле МУС, штогод у міліцыю паступае каля 120 тысяч зваротаў аб хатнім гвалце
Новы закон мае пашырыць азначэнне хатняга гвалту і яго ўдзельнікаў, ён дазволіць разводзіць канфліктуючыя бакі адразу, як толькі прыедзе міліцыя, а не праз некалькі дзён, як гэта адбываецца цяпер. Таксама ўвядуць тэрмін “ацэнка рызыкі”: калі на хатніх агрэсараў пачнуць складаць чэк-лісты, якія дадуць магчымасць ацэньваць ступень паўтарэння інцыдэнту. Таксама прадугледжаныя карэкцыйныя праграмы, якія пры жаданні зможа прайсці агрэсар. У дакуменце з'явяцца такія тэрміны, як "эканамічны гвалт" і "псіхалагічны гвалт". Калі канцэпцыя законапраекта будзе ўхваленая гэтай восенню Палатай прадстаўнікоў і кіраўніком краіны, і закон набудзе моц, у міліцыю можна будзе звяртацца па любым факце гвалту над дзецьмі.
Новаўвядзенні, якія тычацца сям'і, непакояць не толькі пралайфераў. На пачатку жніўня з заўвагамі адносна будучага закона аб хатнім гвалце выступіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Каталіцкі іерарх лічыць, што канцэпцыя супярэчыць нацыянальным, культурным і духоўным традыцыям беларускага народа і непакоіцца, што дзяржава такім чынам атрымае дадатковыя магчымасці кантраляваць сем'і вернікаў, якія займаюцца рэлігійным выхаваннем дзяцей.
Ці прыслухаюцца Аляксандр Лукашэнка і чыноўнікі МУС да галоўнага каталіцкага святара і праваслаўных “арганізацый” — невядома. Аднак цікава, што менавіта актыўная пазіцыя пралайфераў у 2014 годзе прывяла да змен у законе "Аб ахове здароўя", калі з'явілася абавязковае перадабортнае кансультаванне. На думку праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў, гэта парушае правы чалавека.