Па-беларуску выйдзе кніга "Кобра" польскай пісьменніцы Катажыны Бонда
На нядаўнім Варшаўскім кніжным кірмашы не абышлося без маленькай сенсацыі. Беларускае незалежнае выдавецтва "Янушкевіч" заявіла пра тое, што выдасць па-беларуску адну з чатырох крымінальных драм польскай журналісткі і пісьменніцы Катажыны Бонда пад назвай "Кобра". Усіх сакрэтаў выдавец Андрэй Янушкевіч не выдае. У размове з Еўрарадыё кажа, што 845-старонкавая кніга можа пабачыць свет у 2019 годзе.
Янушкевіч: "Пакуль гэта закрытая камерцыйная таямніца, мы ўдакладняем моманты, на якіх падставах у Беларусі гэтае выданне будзе публікавацца. Будуць пэўныя сюрпрызы. Наконт перадачы аўтарскіх правоў усё дамоўлена. Хто будзе перакладаць, на жаль сказаць пакуль не магу. Выдаваць кнігу будзем за свой кошт, разлічваючы на камерцыйны поспех".
Аўтарка Катажына Бонда лічыцца вельмі папулярнай сучаснай польскай пісьменніцай. Аўтарскія правы на выданне яе кніг набылі буйнейшыя выдавецтвы свету. Дарэчы, Бонда мае беларускае паходжанне. А ў яе крымінальнай драме "Кобра" закранаецца балючая тэма польскай пасляваеннай гісторыі — пагромы беларускіх праваслаўных вёсак на Беласточчыне аддзеламі падпольных вайсковых адзінак Рамуальда Райса "Бурага". Сярод загінулых падчас пагрому была і бабуля пісьменніцы.