Па "справе лжэброкераў" у Беларусі затрымалі 48 чалавек
Затрыманне ілжэброкераў
48 чалавек затрымалі ў Беларусі ў рамках справы ілжэброкераў. Адначасова затрыманні адбыліся ў Расіі, паведамляе прэс-служба МУС.
У Беларусі затрымалі супрацоўнікаў ілжэброкерскага кол-цэнтра. Па словах міліцыянтаў, махляры абяцалі патэнцыйным ахвярам высокі прыбытак ад гандлю на фондавым рынку. Менеджэры кол-цэнтраў з выкарыстаннем IP-тэлефаніі ды мэсенджараў звязваліся з людзьмі і прапаноўвалі ўнесці грошы на пэўныя рахункі ці на крыптагаманцы і неўзабаве чакаць вялікіх прыбыткаў.
Калі чалавек усведамляў падман, махляры называліся супрацоўнікамі банкаў і, просячы дапамогі ў вяртанні скрадзенага, атрымлівалі рэквізіты плацежных картак і абнулялі іх.
Сярод затрыманых у Беларусі — кіраўнік беларускага офіса, а таксама грамадзяне Расіі ды Украіны. Некаторыя ўжо далі прызнальныя сведчанні пра сваю дзейнасць, звярнуліся з яўкай з павіннай.
Па словах начальніка ГУБАЗіКа Андрэя Ананенкі, ператрусы прайшлі ў пяці мінскіх офісах і кватэрых падазраваных. "Канфіскаваныя камп'ютарная тэхніка, мабільныя прылады, бухгалтарская дакументацыя, 12 аўтамабіляў агульным коштам больш за 200 тысяч доляраў ЗША і наяўныя ў такой жа суме. Накладзены арышт на 40 рахункаў суб'ектаў гаспадарання і 65 рахункаў фізічных асоб, якія выкарыстоўваліся пры здзяйсненні злачынстваў", — удакладняе ён.
Адначасова ў Маскве паліцыянты затрымалі аднаго з арганізатараў міжнароднай групы. Па яго месцы жыхарства выяўлена і канфіскавана больш за 30 мільёнаў расійскіх рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.